Три L — на смену трем S

Сергей ШЕВЦОВ
«Звязда», № 17
23.01.2004

Сельскi турызм мае ў нас неабмежаваныя магчымасцi

Прыгадваю камандзiроўку ў Гарадоцкi раён Вiцебскай вобласцi. Тэма была: расфармiраванне мясцовага калгаса па прычыне поўнай «ляжачасцi». Разам з начальнiкам райсельгасхарча мы наведалi цэнтральную сядзiбу, гутарылi з людзьмi, сустрэлiся з адзiным мясцовым фермерам, на якiм трымалася палова вёскi. Уражанне было цяжкае. Адпаведны прыдумаўся загаловак — «Загнаных коней прыстрэльваюць, цi не так?»

Разам з тым, уражанне ад паездкi засталося самае светлае. Вельмi ж ужо там прырода прыгожая — цiхая, па-беларуску задуменная, мала кранутая чалавекам. Зямлi, прыдатнай для сельскай гаспадаркi — з камароў нос, але — лясы, азёры, лясы, азёры. I цiшыня. Ехаць адтуль не хацелася. А вось ехаць туды… Таксама праблема: зручнасцяў для нармальнага жыцця малавата, дый тыя, як кажуць, усе на дварэ. Цi можна змянiць карцiну мясцовага жыцця, дадаць, так бы мовiць, свежых сочных фарбаў? Можна.

Лякарства ад горада

У мяне ёсць мара. Яна сцiплая, бо сам я чалавек не нахабны. Мара заключаецца ў тым, каб тыдзень пажыць у глухой лясной вёсцы. Без нiкога. Я ды лес, ды паветра, ды якая-небудзь вада побач. Ну, i каб не думаць пра хлеб надзённы. Да сённяшняга часу мара была амаль нездзяйсняльная. Цяпер з’явiўся промень надзеi…

Грамадскае аб’яднанне «Агра- i экатурызм» утварылася ў лiстападзе 2002 года. Старшынёй праўлення з’яўляецца Валерыя Клiцунова, адначасова — дацэнт кафедры мiжнароднага турызму БДУ. Як можна меркаваць з самой назвы, аб’яднанне ёсць тая iнстанцыя, якая заклiкана ажыццявiць маю сцiплую мару. Сёння ўжо не толькi маю, але i многiх тысяч iншых гараджан, як беларускiх, так i замежных.

Людзi, якiя ўваходзяць у аб’яднанне на правах членаў, прадастаўляюць жадаючым «лякарства ад горада» па не надта вялiкаму кошту. Жадаючыя, адпаведна, яго купляюць i прымаюць у патрэбных iм дозах. Так што ўсё проста. Тавар — грошы. Хаця тавар спецыфiчны: прыгажосць сельскiх ландшафтаў, запаведнiкi i заказнiкi, традыцыi, звычкi i iнш. Так адказвалi замежнiкi, якiя наведалi знакамiтую этнаграфiчную сядзiбу «Дудуткi» на пытанне; што iм падабаецца ў Беларусi. Дарэчы, у спiсе прыярытэтаў на апошнiм месцы стаялi забавы…

— Мы пачалi так, — кажа Валерыя Клiцунова. — Надрукавалi ў СМI артыкул аб сельскiм турызме, далi свае каардынаты i запрасiлi да супрацоўнiцтва. I потым здзiвiлiся самi: столькi было званкоў! Людзi як быццам гэтага толькi i чакалi. Дарэчы, лiтаральна кожны пачынаў з фразы: «Вы ведаеце, я сам пра гэта думаў…».

Такiм чынам, жаданнi «вярхоў» i «нiзоў» супалi. Сёння ў аб’яднаннi налiчваецца каля 250–300 членаў (хаця лiчба вагаецца — назiраецца прырост). Патокам iдуць лiсты ад новых жадаючых. Людзi падрабязна апiсваюць «тактыка-тэхнiчныя даныя» сваёй сядзiбы, наяўнасць рэчкi або возера, лесу, паляўнiчых угоддзяў i iнш. Спецыялiсты аб’яднання аналiзуюць «ТТД», даюць парады, запрашаюць на семiнары (пакуль бясплатныя, далей думаюць грошы такi браць — грант ад фонду «Еўразiя», на якi iснуе аб’яднанне, заканчваецца), — такая, у некалькiх словах, «кухня» праекта.

Трэба сказаць, больш сельскiм турызмам зацiкавiлiся фермеры, што не дзiўна. Фермер ёсць сiнонiм слова iнiцыятыўнасць. Ён — дзелавы чалавек i думае пра далейшае развiццё. А тут такая магчымасць. Пра астатнiх можна сказаць проста: i хочацца, i колецца. Такiх большасць, бо такiх большасць заўсёды. Iм патрэбен штуршок. Давайце аб штуршку.

Сацыяльна-эканамiчны бок медаля

Штуршком, уласна кажучы, з’яўляецца сённяшнi стан беларускай вёскi. Звычайная часта, на жаль, карцiна: аганiзуючы калгас, невялiкiя заробкi, знiкаючая на вачах iнфраструктура, яўная перавага пенсiянераў, адсутнасць iнвестыцый. Што рабiць? Калi для гэтага ёсць умовы — займацца сельскiм турызмам.

Паводле некаторых даных, адзiн долар, якi турыст плацiць за жытло, абарочваецца 18 доларамi, якiя ён выдаткоўвае на астатняе. Скажам, чалавек пасялiўся ў сям’i Н., ён ёй плацiць, адначасова купляе мёд у сям’i К., малако — у сям’i Б., а галава сям’i С. ёсць праважаты турыста ў яго паляўнiча-ягадна-грыбных паходах. Такiм чынам, турыст жыве ў адным доме, а выгаду ад яго мае цi не палова ўсёй вёскi.

Далей. Калi б у нас сёння былi створаны адпаведныя ўмовы для функцыянавання такой далiкатнай сферы як сельскi турызм, то мясцовы бюджэт атрымаў бы дадатковую крынiцу паступлення сродкаў. Для гэтага патрабуецца, каб гаспадар сядзiбы атрымаў патэнт на вядзенне падобнага роду дзейнасцi. Аўтаматычна гэта азначае неабходнасць выплаты падаткаў. Мясцовая ўлада цалкам можа накiраваць гэтыя сродкi на развiццё iнфраструктуры, стварэнне сеткi невялiкiх кафэ, шынкоў, корчмаў i iнш. Каб было чым прывабiць патэнцыяльнага турыста. Каб потым ад яго атрымаць грошы i накiраваць iх на «латанне дзiрак» свайго бюджэту.

Тут, канешне, адразу ўзнiкаюць сама меней дзве заўвагi. Першая: намаляваная толькi схема, як яно ўсё павiнна быць, — мы ад яе пакуль далёкiя. Другая: павiнна быць хоць бы адна сям’я, якая б здолела падняць такую справу. Гэта, дарэчы, называецца класцер: калi ўся вёска ў той цi iншай ступенi занята абслугоўваннем гасцей. Адзiн дае вось гэта, другi забяспечвае тое, трэцi арганiзуе штосьцi i г. д. Усё лагiчна, усё прадумана. Толькi без трэцяй заўвагi не абысцiся.

Патрэбнае прававое забеспячэнне. Прасцей кажучы, закон, якi рэгламентуе падобную дзейнасць. Рэч, якая дазваляе спакойна спаць па начах, бо, скажам, зняць дачу ў сельскай мясцовасцi — дагэтуль крок рызыкоўны. I нелегальны. Таму i рызыкоўны. Мiж iншым, ужо iснуе праект Закона РБ «Аб унясеннi дапаўненняў у Закон РБ »Аб турызме«. Як вы разумееце, ён яшчэ не прыняты. Парламентарыi аддаюць перавагу традыцыйным спосабам дапамогi: у кагосьцi ўзяць i аддаць вёсцы. Без вяртання. Хаця, у святле вышэйсказанага, вёска магла б сама даваць. Няхай нямнога, але даваць, а не, падкрэслю, забiраць.

Не мог не задаць Валерыi Клiцуновай пытанне: як вам дапамагае дзяржава, калi дапамагае? На што атрымаў дастаткова дыпламатычны адказ:

— Да нас прыслухоўваюцца, — Валерыя Анатольеўна ўсмiхнулася. — Прымаюць, выслухоўваюць з цiкаўнасцю, прапануюць працаваць разам… Вылучаюць свае заўвагi, iдэi…

Мяркуючы па тым, што адпаведныя заканадаўчыя акты ўсё яшчэ не прыняты, бяру на сябе смеласць меркаваць: не трэба дапамагаць — лепш не перашкаджаць. Ну што ты зробiш, так ва ўсякай справе, у якой бярэцца дапамагаць дзяржава, ад яе патрабуецца адно — не перашкаджаць. Неяк так атрымлiваецца, што людзi самi ўсё расстаўляюць на свае месцы. У строгай адпаведнасцi з законам попыту i прапанавання…

У iх…

— У свеце назiраецца паварот ад масавага турызму да сельскага, — гаворыць Валерыя Клiцунова. — На змену тром S/Sun, Sea, Sand/ — сонца, мора, пясок — прыходзiць тры L/Landscape, Lore, Leisure/ — пейзаж, традыцыi, вольны час.

Словы ёсць словы, ацэнiм iх ва у. а. Скажам, у прызнанага лiдара еўрапейскага сельскага турызму — Iталii — прыбытак ад гэтага вiду дзейнасцi склаў летась 350 мiльёнаў долараў. Яшчэ 20–30 гадоў таму агратурызм у Iталii быў танным i, мякка кажучы, спартанскага стылю. Савецкi чалавек мог быць iм задаволены цалкам, заходнi — гэтак жа цалкам незадаволены. А сёння з’явiлiся мiнi-атэлi на ўзроўнi 3–4 зорак з антыкварнаю мэбляй i поўным шлейфам зручнасцяў. Часта iх абсталёўваюць у сярэднявечных сядзiбах, iх у Iталii хапае. Так трэба рабiць грошы з таго, што ёсць, укладваючы пры гэтым мiнiмум. Праўда, iх мiнiмум i наш мiнiмум — дзве розныя рэчы. Iтальянцу трэба пабудаваць басейн, а беларусу — проста прыстойную прыбiральню…

У Швейцарыi даходы ад турызму складаюць 15 мiльярдаў долараў у год, з якiх 10 даюць фермеры ў горных частках краiны. Узяць хоць бы Куршавель, швейцарскую вёску ў гарах, якая спадабалася, дзякуючы алiгарху Патанiну, расiйскаму бiзнэс-бамонду. Гадзiннiкi «Карцье» ў студзенi лёгка разыходзяцца па 200–300 тысяч еўра дзякуючы расiянам.

У Кенii кожны наведвальнiк нацыянальнага парку Масаi Мара за начлег плацiць 5 долараў у спецыяльны траставы фонд на карысць сялян-землеўладальнiкаў. Толькi з гэтага кенiйцы маюць 1 мiльён долараў штогод.

У Канадзе ўвогуле турыстычны экарынак дае 20 мiльярдаў долараў у год, на яго долю ў сусветным раскладзе прыпадае 20 працэнтаў. Але самi канадцы з гэтым не пагаджаюцца: ацэнкi, лiчаць яны, занiжаныя ў 5–7 разоў, бо не ўлiчваюць ўнутраны турызм, а гэта 91 працэнт ад агульнага турызму.

Летась у Лiтве сельскiя сядзiбы прынялi больш як 100 тысяч гараджан i замежнiкаў. У асацыяцыю «Адпачынак у вёсцы» тут аб’ядналася 600 гаспадарак. Для даведкi: развiццё сельскага турызму ў Лiтве стала магчымым толькi пасля прыняцця сеймам адпаведнага заканадаўчага акта.

Што на гэта сказаць? Толькi адно: жывуць людзi… I праглынуць слiнкi.

…i ў нас

А ў нас, згодна з даследаваннямi, якiя праводзiла камiсiя ААН, 82 працэнты жыхароў беларускай сталiцы хацелi б ажыццяўляць экалагiчныя падарожжы па сваёй краiне i адпачываць у вёсцы. Думаю, вашага пакорнага слугу можна смела далучыць да гэтых працэнтаў.

Ды Божа, далёка хадзiць не трэба. Вось Белавежская пушча, яе польскi кавалак. У межах адной з мiжнародных праграм гаспадары сядзiб атрымалi па 2 тысячы долараў на стварэнне бытавых умоў (гарачая вада, душ, прыбiральня) для турыстаў. I вы ведаеце, яны (турысты) паехалi. Бо заходнi чалавек, трэба разумець яго псiхалогiю, паводле Жан-Жака Русо, жадае «вярнуцца да прыроды», пры гэтым не вельмi далёка адрываючыся ад дасягненняў цывiлiзацыi: той жа прыбiральнi, напрыклад. Хадзiць пад куст ён адвык…

Сказаць, што ў нас поўны нуль, — нельга. У Беларусi з’явiлiся людзi, якiя сур’ёзна занялiся сельскiм турызмам. Праўда, у мяне склалася ўражанне, што гэта сур’ёзнасць больш патэнцыяльная. Прасцей сказаць, момант чакання. Наша дзяржаўная машына паварочваецца даволi марудна, тым больш, нiхто не скажа, у якi бок яна павернецца. Можа быць, прызнаюць, што сельскiм турызм — гэта добра, тады мясцовыя ўлады стануць лагоднымi; можа быць, будзе вырашана, што гэта наш народ не прыме — тады фiнiш. У рэшце ж рэшт, усё ўпiраецца ў яе, мясцовую ўладу.

У гэтым сэнсе Карэлiцкi раён выглядае лепш за iншыя. Ну, зразумела, Мiр, Мiрскi замак i iнш. Мясцовыя ўлады нават запрасiлi аб’яднанне «Агра- i экатурызм» правесцi семiнар на месцы, нават (!) аплацiлi яго. Гэта значыць, што людзi думаюць на будучыню. Але колькi такiх месцаў на Беларусi? Дзесяткi, сотнi? Нiхто нават не можа гэтага сказаць, ацанiць. Дый хто ведае, што можа прыглянуцца чалавеку, стомленаму ад гарадскога тлуму-шуму? У аб’яднанне званiлi нават з Хойнiкаў, з небяспечнай у радыяцыйным сэнсе зоны. А мiж iншым, там стаяць цудоўныя лясы, там недалёка да Прыпяцi…

Аб’яднанне «Агра- i экатурызм» мяркуе стварыць каталог тых, хто тут першы. Тут, як на Алясцы, хто першы «паставiў слуп» — той iдзе першым далей. На Алясцы было золата, сёння цывiлiзацыя зрабiла крок уперад не такi меркантыльны — сельскi турызм. Хаця, у прынцыпе, тое ж самае атрыманне прыбытку. Толькi на больш высокiм узроўнi.

Увогуле, што такое выраз «Беларусь сiнявокая»? Апрача ўсяго iншага, рамантычнага — гэта даволi ўстойлiвы брэнд, якi трэба выкарыстоўваць. «Сiнявокая» — гэта значыць, што тут шмат азёр, а азёры — гэта рыбалка, юшка, свежае паветра, вольныя паводзiны i г. д. У нас ёсць такi брэнд, мы яго павiнны выкарыстоўваць, павiнны мець прыбытак — колькi можна ганяць без асаблiвага прыбытку сацыяльную рэкламу «беларускiя балоты — лёгкiя Еўропы»? Усё гэта — проста грошы. З гэтым трэба змiрыцца. I гэтыя грошы рабiць. З дапамогай прыватных сельскiх грамадзян.