Звер-сiмвал i звер-татэм

Аляксандр АЧАРЭТНI
«Звязда», № 6
10.01.2004

Таптыгiн, Iван Iваныч, Iван Патапыч, Касалапы, Ушкуй — як толькi не называюць мядзведзя ў народных паданнях, казках i прыказках. Звярнiце ўвагу на тое, што толькi мядзведзя называюць так разнастайна. Лiса ўсюды фiгуруе як Патрыкееўна, воўк — або Шэры, або воўк Зубамi Шчоўк, ну, i гэтак далей. За гэтай, здавалася б, дробяззю хаваецца вялiзны культурна-рэлiгiйны пласт язычнiцкага мiнулага нашага i блiзкiх да нас народаў. Хутчэй нават не народаў яшчэ, а рознапланавых, разнастайных, мiрных i варожых адзiн аднаму славянскiх, балцкiх, карэльскiх, германскiх i скандынаўскiх плямён.

Як яго завуць?

Справа ў тым, што мядзведзь, як адзiн з самых буйных i лютых насельнiкаў нашых лясоў (разам з турам i зубрам), нярэдка служыў старажытным язычнiкам у якасцi татэмнай племянной i сямейнай жывёлы. Дарэчы, гэта ж традыцыя i сёння iснуе ў народаў Сiбiры, Крайняй Поўначы i Далёкага Усходу, а таксама ў карэнных жыхароў Амерыкi. А татэмную жывёлiну, па сутнасцi — бажаство i роданачальнiка — нельга было ў штодзённым жыццi называць яе сапраўдным iменем. Каб не наклiкаць бяду на род, сям’ю i племя. Таму прыдумвалася мноства iмён-заменнiкаў. Увогуле, сучаснае найменне гэтай жывёлiны «мядзведзь», якое гучыць на большасцi славянскiх моў вельмi падобна, таксама з’яўляецца iмем-замяненнiкам i азначае «звер, якi ведае, дзе шукаць мёд».

Сапраўднае ж iмя мядзведзя таксама не згубiлася незваротна. Нашы продкi (а таксама карэлы i германцы) называлi яго «бер» цi «бёр». Адсюль жа i слова «бярлога». Па-нямецку, дзе мядзведзя да гэтага часу называюць «бёр», слова «лёх» азначае «нара», гэта значыць «мядзведжая нара». Адсюль жа i слова «логавiшча». Аднакарэннай з’яўляецца i назва нямецкай сталiцы. Берлiн (заснаваны, дарэчы, славянскiмi плямёнамi) у яго сучасным славянскiм варыянце гучаў бы прыкладна як «Мядзведзеўск». Сiмвалам гэтага горада, як вы разумееце, павiнен з’яўляецца мядзведзь. Ён iм i з’яўляецца.

Дзе яны жывуць?

Буры мядзведзь з’яўляецца адным з самых звычайных прадстаўнiкоў айчыннай фауны. Праўда, за апошнiя 150 гадоў у вынiку нястрымнай дзейнасцi чалавека ён стаў у нашай рэспублiцы вельмi рэдкiм. Асноўная папуляцыя беларускiх мядзведзяў знаходзiцца ў Вiцебскай вобласцi. Ёсць гэтыя звяры i ў Бярэзiнскiм запаведнiку, ва ўсiх астатнiх месцах рэспублiкi яны сустракаюцца толькi эпiзадычна. Паляванне на гэтага звера, як вы разумееце, у нас у рэспублiцы цалкам забаронена, i ён унесены ў рэспублiканскую Чырвоную кнiгу. Дзiўна, але факт: у нашым, здавалася б, адным з самых вялiкiх i самых ахоўваемых лясных масiваў — у Белавежскай пушчы — мядзведзь не водзiцца. Бачылi аднаго ў 30-х гадах мiнулага стагоддзя. Немцы падчас акупацыi спрабавалi выпусцiць у пушчу некалькi пар мядзведзяў (з тых часоў iх там нiхто больш не бачыў), у 50-х гадах мiнулага стагоддзя ў пушчы таксама была заўважана мядзведзiца з медзведзянятамi. I ўсё. Значыць, гэта былi або прышлыя з суседнiх раёнаў або спецыяльна завезеныя звяры. I вось нарэшце «з’ява» цяперашняга стагоддзя: зусiм нядаўна ў адным з урочышчаў пушчы мясцовы егер заўважыў сляды мядзведзя, а праз некалькi дзён, недалёка ад таго месца, i самога мiшку. Невядома толькi, прыжывецца касалапы на сваёй гiстарычнай радзiме цi сыдзе куды-небудзь. А вось адкуль ён прыйшоў — незразумела да гэтага часу.

Мядзведзь i чалавек

Узаемаадносiны чалавека i мядзведзя стагоддзямi складвалiся аднастайна: чалавек заўсёды паляваў на мядзведзя з-за мяса, шкуры, трафейных чарапоў, жоўцi, якая i ў наш час iдзе на выраб дарагiх лекаў. А таксама каб адпомсцiць за напад на скацiну i на людзей (такiя выпадкi раней былi вельмi i вельмi частымi, ды i сёння здараюцца, асаблiва ў Сiбiры i некаторых раёнах Паўночнай Амерыкi). Здаўна практыкавалася паляванне на «лютага звера» знакамiтых паляўнiчых (шрам на твары ў Льва Талстога застаўся ў вынiку палявання на мядзведзя ў Смаленскай губернi), а таму бярлогi мядзведзя каштавалi вельмi дорага. Варта адзначыць i той факт, што большасць жыхароў Расiйскай iмперыi, куды ўваходзiла i сучасная Беларусь, жылi ў сельскiх абласцях, i таму ставiлiся да мядзведзя пераважна як да шкоднага звера. Нiзкi дастатак сялян у iмперыi i высокi кошт бярлог садзейнiчалi развiццю спецыяльнага промыслу, якi меў на мэце адшукванне бярлог, расчыстку да iх пад’ездаў i наступны перапродаж запаветных месцаў прадстаўнiкам знакамiтых паляўнiчых. Становiцца зразумела, што такiя адносiны насельнiцтва да мядзведзя сфармiравалi ў гэтага гiганта цэлы шэраг паводзiнскiх прымет, якiя забяспечваюць яму выжыванне. У першую чаргу гэта вялiкая асцярожнасць у адносiнах да чалавека, да свайго (ва ўмовах Цэнтральнай Еўропы i Паўночнай Амерыкi), бадай, адзiнага ворага. Аднак, як вы ведаеце, апiсаная сiтуацыя змянiлася. Звязана гэта ў першую чаргу з агульнай урбанiзацыяй i скарачэннем колькасцi сельскiх жыхароў. Гараджане, якiя выраслi на казках пра Мiхал Патапыча i сустракалiся з мядзведзем толькi ў цырках i заапарках, у асноўным ужо не разглядаюць бурага мядзведзя як шкоднага i злоснага звера. Таму часам турысты ў месцах, дзе водзяцца мядзведзi, спецыяльна пакiдаюць на сцежках розную ежу. У сувязi з гэтым хочацца ўспомнiць пра тое, што «добрымi намерамi вымашчана дарога ў пекла».

Мядзведзi хутка прывыкаюць да такiх дароў, i ў пошуках iх самi ўжо iмкнуцца да людзей, грэбуючы гiстарычна i генетычна ўзнiкшым страхам перад чалавекам. Асаблiва гэта праблема актуальная на Камчатцы, дзе мядзведзяў вельмi многа, i ў нацыянальных парках Паўночнай Амерыкi, дзе iх яшчэ больш (барыбалы i грызлi — падвiд нашага бурага мядзведзя). Праблема заключаецца ў тым, што такiя мядзведзi не проста небяспечныя для людзей у сваiм агрэсiўным папрашайнiцтве, але i ў тым, што разнастайныя харчовыя рэшткi маюць вельмi высокую каларыйнасць. Звычайна, чым больш смачная ежа, тым больш багатая яна на тлушчы, бялкi i вугляводы. Акрамя таго, для чалавечай ежы характэрная наяўнасць розных смакавых i пахавых дабавак, якiя павышаюць апетыт. У мядзведзя ж ёсць прыроджаная кармавая выбiральнасць на пошук найбольш каштоўных у пажыўных адносiнах кармоў. А таму, пакаштаваўшы аднойчы чалавечай ежы, мядзведзь «падсаджваецца» на яе, як наркаман на гераiн, i пачынае шукаць яе ўжо мэтанакiравана. Ды i сапраўды, прасцей, смачней i значна хутчэй з’есцi пару бляшанак тушонкi, закусiць кiлаграмам цукру i парай пачак макароны, чым збiраць бруснiцы, шукаць дробныя мурашыныя яйкi цi абсмоктваць мяцёлкi аўса. А для таго каб здабыць смачную i пажыўную ежу, трэба ўсяго толькi напалохаць групу турыстаў, каб тыя з-за страху пакiдалi свае рукзакi. Мядзведзi-гурманы становяцца вельмi небяспечнымi для чалавека. Яны перастаюць шукаць сваю натуральную ежу i спадзяюцца толькi на чалавека.

Так мядзведзь з «добрага таўстуна мiшкi» зноў ператвараецца ў «злосную жывёлiну» i, у рэшце рэшт, звычайна адстрэльваецца.

Аднак у натуральных умовах мядзведзь харчуецца не толькi пералiчанай дробяззю. Не варта забываць, што ў першую чаргу гэта смелы i вельмi агрэсiўны драпежнiк. Мядзведзь у стане напасцi i на буйнога кабана, i на лася, таксама як задраць свойскую карову або каня. Здабываючы буйную жывёлу, мядзведзь у нейкай меры i сам падвяргаецца небяспецы сур’ёзнага ранення. Асаблiва часта гэта здараецца, калi малады мядзведзь спрабуе завалiць кабана-адзiнца. У гэтым выпадку мiшка можа быць нават забiты. А ў паляўнiчай лiтаратуры апiсваецца выпадак, калi буйны мядзведзь напаў на кабана i лася адначасова (яны пасвiлiся побач). Гэта дуэль ледзь не скончылася для касалапага трагiчна — аб’яднаўшы намаганнi, капытныя добра пападралi драпежнiка.

Буры мядзведзь — гонар беларускага лесу i мае поўнае права на шчаслiвае i прывольнае жыццё ў iм. Калi толькi чалавек — яго адзiны вораг — не будзе паводзiць сябе з iм як немаўля.