Тропинки к родным могилам опять оказались перегороженными колючей проволокой

Светлана ЯСКЕВИЧ
«Звязда», № 316
17.12.2003

У карпункт прыйшло пісьмо…

Адна папера здольна разбурыць тое, што людзi будавалi дзесяцiгоддзямi

Што такое гранiца, можна лепш зразумець i найбольш востра адчуць не на пагранпераходзе, дзе часта бываюць чэргi, дзе людзей нервуе доўгае чаканне i сама працэдура мытнага кантролю, а вось тут, ля помнiка нявiнным ахвярам фашызму, што ўзведзены ў самай глыбiнi векавой пушчы… Чаму так лютавалi немцы ў пушчанскай зоне з першых дзён вайны, сказаць цяжка. Яшчэ не было партызанаў, якiх яны маглi баяцца. Але ж палiлi цэлымi вёскамi, стралялi часам без разбору. Па волi няўмольнага лёсу актывiсты з навакольных населеных пунктаў, што ўвайшлi потым у Гайнаўскi павет, пахаваныя тут, а брацкая магiла жыхароў вёскi Чадзель Пружанскага раёна, закатаваных у першыя днi жнiўня 41-га года, знаходзiцца на польскiм баку. Памiж абелiскамi — калючы дрот i кантрольна-следавая паласа.

У карпункт нашай газеты прыйшло пiсьмо ад Вольгi Улезла з вёскi пад прыгожай назвай Белы Лясок. Аўтар расказвае, як кожны год у першых чыслах жнiўня жыхары Пружанскага раёна i Гайнаўскага павета сустракалiся, клалi кветкi на магiлы, запальвалi свечкi. Усiм прыемна было ўбачыць сваякоў або былых суседзяў. Мерапрыемствы ладзiлiся па чарзе ў Беларусi i Польшчы. I раптам па волi нейкага чыноўнiка iм забаранiлi наведваць магiлы ранейшым спосабам. У пачатку лета жыхарам прыгранiчных раёнаў прапанавалi ездзiць за мяжу агульным парадкам — адкрываць вiзу ў консульстве i накiроўвацца на пагранпераходы «Пясчатка» цi «Варшаўскi мост». Мiжволi ў галаву прыходзiць параўнанне: калi б хто ўздумаў з Мiнска дабiрацца ў Баранавiчы праз Магiлёў?

«Колькi нам засталося дажываць! — пiша жанчына. — Можа, некалькi гадоў, а можа, некалькi месяцаў. Няўжо нiхто не паспрыяе, каб усё хаця б вярнулi, як было, i раз у год мы маглi б сустракацца на дарагiм нам месцы?»

Белы Лясок — адна з тых нешматлiкiх вёсак, якiя знаходзяцца ў самой Белавежскай пушчы. А пушчанскiя людзi асаблiвыя, лiчыць старшыня Шарашоўскага пасялковага Савета Надзея Антановiч. Яны разумеюць прыроду, яны маюць спагады i дабрынi болей за iншых. Ды i сама прырода да iх лагаднейшая. Сёлета, напрыклад, ва ўсёй акрузе неўраджайны на яблыкi год, а ў Белым Ляску галiны ад пладоў гнулiся. Дом сям’i Улезла мы знайшлi хутка — стаiць ён акурат на скрыжаваннi дарог. Гаспадар Васiль Iосiфавiч аказаўся чалавекам з гумарам:

— Мяне часта пытаюць: «Як ты, Васiль, не баiшся жыць у лесе, тут жа звяр’я дзiкага процьма?». А я кажу, што па вашых брэсцкiх цi мiнскiх начных вулiцах нi за якiя грошы не пайшоў бы. А ў пушчы магу i дняваць, i начаваць. Мяне нiводны звер не зачэпiць.

…Слухаем расказы былога старшага егера пра звычкi рысi, даведваемся, што самы небяспечны звер у лесе — дзiк (вось жа свiнячая сутнасць), ён можа кiнуцца на чалавека ў любы момант, а зубр без прычыны нiколi не кране. Аб прыгодах высокапастаўленых паляўнiчых запаведнага лесу, каб запiсаць аповяд Васiля Iосiфавiча, то атрымалася б, пэўна, цэлая кнiжка. А другая — пра жыццё яго продкаў, патомных лесаводаў. Аказалася, што хату, у якой нас частавалi надзвычай свежымi i сакавiтымi для снежня яблыкамi, пабудаваў у 1889 годзе дзед гаспадара — ляснiк. Леснiком быў i бацька, за што перад самай вайной сям’ю пагналi ў Сiбiр. Бацька вытрымаў толькi год ссылкi — памёр. Мацi таксама пражыла нядоўга, але ў родныя мясцiны паспела вярнуцца. Васiля там прызвалi ў армiю, ваяваў з Японiяй… Але ж размова неўзабаве пераходзiць на галоўную тэму, на тое, што найбольш хвалюе гэту сям’ю i звязана з раднёй жонкi.

Вольга Iванаўна родам з Белавежы, вёскi, якая ў пасляваенны час адышла да тэрыторыi Польшчы. У 1941 годзе ёй споўнiлася 12 гадоў. Бацьку яе, Iвана Козака, 37-гадовага дэпутата мясцовага Савета, разам з iншымi актывiстамi ўзялi першага жнiўня. Яна ўсё помнiць. Толькi, калi расказвае, голас дрыжыць:

— Бацьку скруцiлi рукi ззаду, ён хацеў падысцi, вiдаць, пацалаваць мяне, але немец штурхануў у галаву. Болей я бацькi не бачыла.

Расстралялi тады каля сотнi чалавек. Разам з бацькам Вольга Козак страцiла дваюрадную сястру Лiду Вашкевiч, дзiцятку якой было толькi тры тыднi. Прыгажуня, пявуння, яна нават у камсамол нiколi не ўступала, а ёй паставiлi ў вiну тое, што «спявала на сцэне бальшавiцкага клуба — значыць, камсамолка». За Лiду прасiлi ўсе зняволеныя, i фашыст праявiў «велiкадушнасць» — дазволiў апошнi раз пакармiць дзiця… Iх пахавалi цi, правiльней сказаць, скiнулi ў глыбокi роў i прысыпалi зямлёй. Цяпер там узведзены помнiк…

Але гора сям’i Козакаў i iх таварышаў па няшчасцю на гэтым не скончылася. Iх пачалi выганяць з родных мясцiн — спачатку адвезлi ў Аранчыцы, потым у Беласток. Мацi Вольгi са старэйшай дачкой Аленай i iншымi жанчынамi трапiлi працаваць на ткацкую фабрыку. Вучылi iх рамяству жанчыны-яўрэйкi. Неўзабаве беларускi даведалiся жахлiвую гiсторыю свайго працаўладкавання: яны прыйшлi на змену папярэднiцам, якiх чакаў крэматорый. Нявольнiцы гета кожны дзень развiтвалiся з новымi каляжанкамi, бо не ведалi, наступiць для iх заўтра або не. У Вольгi Iванаўны зноў дрыжыць голас, калi яна гаворыць, як апошнi раз гналi гэтых жанчын па вулiцы i яны махалi на развiтанне рукамi: ведалi, што на гэты раз iдуць назаўсёды.

У Беластоку Козакi жылi да самага вызвалення. Потым вярнулiся дадому. Вольгу запрасiла да сябе цётка з Белага Ляска. Тут дзяўчына вучылася ў вячэрняй школе, затым паступiла ў педвучылiшча. А па пушчы ўжо прайшла гранiца, i мацi з сёстрамi i братам аказалiся ў Польшчы, а Вольга — у Беларусi. Колькi прашэнняў яна пiсала ў Маскву, каб дазволiлi выехаць на той бок i пабачыцца з мацi! Але маўчанне было ёй адказам. Толькi ў 1954 годзе атрымала дазвол наведаць родную хату, якая знаходзiцца за пяць кiламетраў ад дзяржаўнай гранiцы. Мацi ўгаворвала, плакала, не хацела адпускаць назад. Але ж яна была ўжо замужам, нават тайна абвянчалiся са сваiм Васiлём. Ён разам з роднымi таксама нацярпеўся, дык хiба ж па-чалавечы абрынуць на галаву яшчэ адно выпрабаванне — здраду жонкi? Так разважыла Вольга Улезла i вярнулася. Затым яе выклiкалi, ушчувалi за паездку, гаварылi наогул абсурдныя рэчы. Да гэтага яна працавала ў школе. Загадчык райаддзела адукацыi выкручвацца не стаў, сказаў прама: даруйце, Вольга Iванаўна, але мне рэкамендавана на працу вас болей не прымаць. Такiм чынам, спатканне з мацi каштавала ёй работы.

Потым жыццё неяк наладзiлася. Штогод бачылiся з роднымi, наведвалi магiлы. I хоць афiцыйнае пагадненне памiж СССР i ПНР аб спрошчаным пераходзе мяжы для жыхароў прыгранiчных раёнаў было заключана толькi ў 1985 годзе, пачынаючы з 60-х гадоў такi спосаб пераходу ўзгадняўся на мясцовым узроўнi. У апошняе дзесяцiгоддзе, калi дзецi тых, каму ўзведзены помнiк, заўважна старэюць i адыходзяць, сустрэчы сталi асаблiва дарагiмi. Гэтых жалобных мерапрыемстваў чакалi, да iх рыхтавалiся. Калi запальвалi свечкi цi аб’яўлялi мiнуту маўчання, ля помнiка не было беларусаў i палякаў, праваслаўных i католiкаў — там былi людзi, аб’яднаныя адным горам, адной памяццю. Тое ж самае адчувалi чадзельцы, жыхары iншых вёсак, калi хадзiлi на польскi бок пакланiцца родным магiлам.

Для сям’i Улезла названыя сустрэчы — аснова сямейных традыцый. Старэйшая дачка, што жыве зараз аж у Тальяцi, кожны год бярэ водпуск у канцы лiпеня i едзе з сям’ёй у Белы Лясок. Пабываць на магiле дзядулi, цёткi з дзяцiнства было натуральнай справай. Прыязджала яна i гэтым летам. Але сустрэча ля помнiка цяпер не адбылася.

Як вядома, у маi гэтага года польскi бок накiраваў мiнiстэрству замежных спраў Беларусi ноту, дзе паведамiў пра дэнансацыю пагадненняў аб спрошчаным пераходзе. Вольга Iванаўна вельмi ўважлiва чытае рэспублiканскiя газеты i ведае, што Польшча пайшла на гэты крок, выконваючы патрабаванне Еўрасаюза. «Чаму яны так нас баяцца? — не можа даўмецца жанчына. — Хiба ж мы ўчынiм якую шкоду, калi прыйдзем на магiлку або сустрэнемся з роднымi? Пэўна, тыя людзi, што прымалi рашэнне, зусiм маладыя i не ведаюць, што такое фашызм. А яшчэ iх радзiму не рэзалi па-жывому, у iх там, кажуць, наогул межаў няма…»

Старэйшая сястра Вольгi Улезла, пiсьменнiца Алена Анiшэўская, i брат, доктар эканамiчных навук Мiкалай Козак жывуць у Варшаве. У паэтычным зборнiку Алены «Смак жыцця», што выйшаў не так даўно ў Беластоку, аўтарка пiша: «Душа мая мае быццам бы два бакi: адзiн беларускi родны, узяты ад маiх продкаў, а другi набыты, ад Польшчы i польскай культуры». Сапраўды, людзей, што складалi адно цэлае, аднойчы падзялiлi на дзве часткi, i жыхары адной вёскi раптам сталi грамадзянамi розных дзяржаў. I цяпер, калi свае душэўныя патрэбы, стасункi з роднымi мясцiнамi i сваякамi яны не могуць ажыццявiць у межах адной краiны, iм ствараюць перашкоды.

Практычна адразу пасля скасавання названых пагадненняў у мясцовыя кiруючыя органы сталi паступаць скаргi ад насельнiкаў прыгранiчных вёсак. З iх улiкам Пружанскi райвыканкам накiраваў лiст у адрас вышэйшай заканадаўчай i выканаўчай улады рэспублiкi, дзе акрэслены маральныя, матэрыяльныя i культурныя страты рэгiёна ў вынiку спынення дзеяння пункта спрошчанага пераходу гранiцы «Перароў-Белавежа». Гэты зварот, дарэчы, быў зачытаны на сустрэчы парламенцкiх груп Беларусi i Польшчы, што праходзiла прыкладна месяц назад у Белавежскай пушчы. Польскiя калегi беларускiх дэпутатаў казалi, што i ў iх ёсць падобныя звароты грамадзян. Тады закранулi тэму спрошчанага рэжыму ў 50-кiламетровай зоне абапал гранiцы…

— Польскi бок гатовы самым актыўным чынам удзельнiчаць у пабудове пункта спрошчанага пераходу «Перароў-Белавежа», — сказаў у тэлефоннай размове з карэспандэнтам «Звязды» стараста Гайнаўскага павета Беластоцкага ваяводства Уладзiмiр Петрачук. — Аб гэтым нашы мiнiстэрствы замежных спраў павiнны дамовiцца.

Кiраўнiк Гайнаўскага павета дадаў, што названымi праблемамi ён займаецца не толькi па абавязку службы — ён нарадзiўся за пяць кiламетраў ад гранiцы i ў Камянцы мае сваякоў. Пан стараста заклапочаны стратай культурных, спартыўных сувязяў. На фестывалях беларускай песнi, на футбольных матчах, кажа ён, пружанцы, жыхары Камянца былi самымi жаданымi гасцямi.

— Дарэчы, заўтра (12 снежня. — С. Я.) мы сустракаемся з кiраўнiцтвам Брэсцкай вобласцi менавiта па гэтых пытаннях, — сказаў на заканчэнне стараста Петрачук.

Вiдаць, зноў прыйдзецца прайсцi гэты шлях наноў: спачатку прыняць канкрэтныя меры на мясцовым узроўнi, а потым дойдзе чарга i да мiждзяржаўных пагадненняў. Так цi iнакш трэба нешта рабiць, каб знiшчыць перашкоды, якiя паўсталi на людскiм шляху да сваякоў i блiзкiх, а таксама да родных магiл.

P. S. Калi матэрыял быў падрыхтаваны да друку, у Камянцы адбылася беларуска-польская сустрэча з удзелам намеснiка мiнiстра замежных спраў Беларусi Аляксандра Мiхневiча, Надзвычайнага i Паўнамоцнага Пасла РБ у РП Паўла Латушкi, намеснiка мiнiстра ўнутраных спраў i адмiнiстрацыi Польшчы Паўла Дакоўскага, Галоўнага каменданта пагранiчнай аховы Польшчы Йозефа Клiмовiча, прадстаўнiкоў мясцовай улады абедзвюх краiн i iншых афiцыйных асоб. Па вынiках нарады падпiсаны пратакол аб намеры аднавiць работу пунктаў спрошчанага пераходу гранiцы i нават адкрыць адзiн новы на працягу будучага года. Бакi дамовiлiся наконт таго, што ў самы блiжэйшы час у польскiя заканадаўчыя акты будуць унесены змены, неабходныя для пачатку ўладкавання названых пунктаў. Самым складаным пытаннем пакуль з’яўляецца фiнансаванне работ. Калi ўсё пойдзе як задумана, то можна чакаць, што летам на ўчастку гранiцы «Перароў-Белавежа» пачне дзейнiчаць пешаходны i веласiпедны пераход.

Пружанскi раён.