Глабальнае пацяпленне ў Беларусi з’есць усю елку i народзiць мора суслiкаў i кажаноў

Сяргей КУРКАЧ
«Звязда», № 310
10.12.2003

Клiмат значна змяняўся на працягу ўсёй гiсторыi Зямлi. За апошнi мiльён гадоў, напрыклад, было адзначана 10 леднiковых-мiжледнiковых перыядаў. З пачатку 90-х гадоў наша планета ўступае ў новую эпоху глабальнага пацяплення. Тысячы загiнуўшых гараджан у краiнах Заходняй Еўропы падчас сёлетняй спёкi, моцныя пажары ў Амерыцы, крыху раней — катастрафiчныя паводкi ў Расii, частыя засухi ў Беларусi. Па меркаванню спецыялiстаў, гэта толькi «кветачкi» — сапраўдны подых глабальнага цяпла зямляне адчуюць на сабе недзе праз 40–100 гадоў. На думку асобных экспертаў, моцны цеплавы ўдар мы атрымаем ужо максiмум праз 8–12 гадоў.

Сёння айчынныя навукоўцы атрымалi прамы заказ ад урада краiны на распрацоўку прагнозу змянення клiмату i магчымых наступстваў у розных галiнах гаспадарчай дзейнасцi краiны менавiта з улiкам глабальнага пацяплення планеты. Гэты складаны навукова-аналiтычны дакумент сёння яшчэ дапрацоўваецца, але кiраўнiк распрацоўшчыкаў дырэктар Iнстытута праблем выкарыстання прыродных рэсурсаў i экалогii, акадэмiк НАН Беларусi, прафесар Уладзiмiр ЛОГIНАЎ згадзiўся паведамiць чытачам «Звязды» галоўныя аспекты гэтага прагнозу.

Якое надвор’е маем зараз

Такiм чынам, за перыяд iнструментальных назiранняў (1881–2002 гг.) сярэднегадавая тэмпература павялiчылася ў Беларусi амаль на 1 градус. Пры гэтым станоўчае змяненне тэмпературы з 1988 па 2002 год з’яўляецца самым моцным за ўсю гiсторыю назiранняў. Асаблiва моцнае павелiчэнне тэмпературы (на некалькi градусаў) адбываецца ў студзенi-красавiку. Амаль ў 2 разы павялiчылася паўтаральнасць максiмальных тэмператур (вышэй за 30 градусаў). За апошнiя 50 гадоў у цэнтральнай i паўднёвай частках рэспублiкi колькасць ападкаў паменшылася на 60–80 мiлiметраў, што адпавядае 10–15 працэнтам. Асаблiва гэта прыкметна ў жнiўнi, калi месячныя паказчыкi ападкаў паменшылiся адразу на пятую частку. Таксама стала не хапаць ападкаў у красавiку-маi. Вельмi моцная засуха адзначалася у 1989–2002 гадах. Тады ў 9 гадах з 14 на вялiкiх тэрыторыях краiны назiралiся засушлiвыя ўмовы на працягу двух i болей месяцаў вегетацыйнага перыяду.

Хуткасць ветру за апошнiя 20–25 гадоў паменшылася на 15–20 працэнтаў.

Якое будзе пацяпленне

Па падлiках навукоўцаў, калi парнiковы эфект будзе «працаваць» i далей, то сярэднегадавая тэмпература ў тэрмiн да 2010–2039 гадоў павялiчыцца яшчэ на 1 градус, а да 2040–2069 гадоў паветра ў Беларусi пацяплее ажно на 2 градусы. Да таго ж мiнiмальныя тэмпературы (начныя i зiмнiя) будуць павялiчвацца на 20–30 працэнтаў хутчэй. Працягласць вегетацыйнага перыяду ў 2010–2039 гадах павялiчыцца дадаткова на два тыднi.

Навукоўцы падлiчылi, што менш чым праз стагоддзе сярэднегадавая тэмпература ў Беларусi павялiчыцца на 3–5 градусаў.

Такiм чынам, нават па самых сцiплых прагнозах, праз паўстагоддзя мы атрымаем тэмпературны рэжым шырот Кiева.

У сувязi з пацяпленнем клiмату распрацоўшчыкi рэкамендуюць у сельскай гаспадарцы пашыраць пасевы высокаэфектыўных культур, такiх як кукуруза, проса, соя i цукровыя буракi. Трэба будзе ствараць новыя сарты засухаўстойлiвых культур, пашыраць рэгiёны арашальнага i палiўнога земляробства.

Даволi цiкавыя меркаваннi наконт наступстваў глабальнага пацяплення выказаў карэспандэнту «Звязды» дырэктар Iнстытута заалогii НАН Беларусi, нацыянальны эксперт па бiяразнастайнасцi Мiхаiл НIКIФАРАЎ:

— Мае даследаваннi ахоплiваюць амаль 11 тысяч гадоў, з таго моманту, калi тэрыторыю нашай краiны пакiнуў апошнi, Валдайскi ледавiк. Пасля ледавiка было халаднавата i вiльготна. Потым настаў час атлантычнага перыяду, калi было вельмi вiльготна i нават цяплей чым зараз. Тады тут раслi лiставыя лясы, як зараз у Малдове i Украiне. Недзе 5 тысяч гадоў таму зноў пахаладала i ўсталяваўся ўмерана вiльготны i адносна цёплы клiмат, якi мы зараз i маем. Зараз жа пачынаюцца iстотныя змяненнi.

На думку Мiхаiла Нiкiфарава, глабальнае пацяпленне на нашай планеце пачалося, i працэс гэты рухаецца даволi хуткiмi тэмпамi. А вось наконт прычын гэтай з’явы iснуе некалькi поглядаў. Заходнiя спецыялiсты звязваюць пацяпленне з парнiковым эфектам, якi адбываецца за кошт моцнага павелiчэння колькасцi вуглякiслага газу (CO2) на планеце. Паводле другой версii, глабальнае пацяпленне стала вынiкам знешняга ўплыву за кошт павелiчэння выпраменьвання Сонца i цыклiчнага развiцця ўсёй нашай Сонечнай сiстэмы. Справа ў тым, што iснуюць кароткiя цыклы 7–11 гадоў, 30–45, 60–90, i доўгiя — 1500–2000 гадоў, падчас якiх чаргуюцца пахаладаннi i пацяпленнi. Хутчэй за ўсё, зараз на фоне глабальнага пацяплення, выклiканага парнiковым эфектам, адбываецца i цыклiчнае пацяпленне. Больш за тое, доўгiя i кароткiя цыклы супалi. Глабальны цыкл пацяплення, якi адбываецца на планеце кожныя 2 тысячы гадоў, пачаўся ў нас у сярэдзiне ХVIII стагоддзя i зараз рухаецца ў бок пацяплення i засухi. На поўднi кантынента гэта бачна вельмi добра. Высыхаюць вадасховiшчы, панiжаецца ўзровень вады ў Аральскiм моры i на Каспii. Па меркаванню адразу чатырох iнстытутаў Расii, доўгi цыкл пацяплення на планеце супадае зараз з кароткiм, але таксама моцным цыклам, пiк якога прыпадае на першую дэкаду ХХI стагоддзя. Такiм чынам, навукоўцы з Расii лiчаць, што самае моцнае пацяпленне ў блiжэйшыя 30–40 гадоў адбудзецца менавiта ў 2010–2015 гадах.

Пацяпленне «з’ядае» елку

Што адбудзецца, калi праз 30–50 гадоў у нас стане на 1,5–2,5 градуса цяплей? На думку Мiхаiла Нiкiфарава, такое хуткае пацяпленне пачне iнтэнсiўна змяняць раслiннасць на нашай тэрыторыi. Следам за цеплынёй значна паменшыцца вiльготнасць глебы. Ужо сёння на прыкладзе Белавежскай пушчы мы бачым, як у вельмi цёплых умовах слабее i гiне ад «зубоў» жука-караеда тыпографа яловы лес. Гэта тэндэнцыя назiраецца i ў Бярэзiнскiм запаведнiку, але ў значна меншых маштабах, бо на Вiцебшчыне ў нас крыху халадней.

Сёння жук-караед у цёплыя зiмы не гiне, бо няма сапраўдных маразоў. Летам елкi хварэюць ад засухi i караеда. Калi цеплыня з засухамi працягнецца i надалей, то караед на поўднi Беларусi з’есць усе яловыя лясы. Мяжа арэала елкi адсунецца далей на поўнач. Вядома, што караед дзiравiць толькi дарослыя елкi, бо харчуецца ён менавiта тоўстай карой. Але маладыя i тонкiя елкi падчас вялiкай цеплынi будуць падсыхаць i праз нейкi тэрмiн не вытрымаюць канкурэнцыi iншых дрэў.

Але добрыя мясцiны ў нашых запаведнiках пустымi не будуць. Там хутка пачнуць расцi дуб, клён i iншыя шыракалiстыя пароды дрэў, уласцiвыя больш цёпламу i менш вiльготнаму клiмату. Але трэба заўважыць, што гэта зусiм не хуткi працэс. Каб адзiн лес змянiў другi, трэба не гады цi дзесяцiгоддзе, а не менш чым 70–120 гадоў.

Чужая раслiннасць — агрэсiўная

Па меркаванню спадара Нiкiфарава, за 30–50 гадоў раслiннасць у нашай краiне вельмi моцна i прынцыпова не зменiцца. Новыя раслiны i дрэвы самастойна заваёўваюць новыя тэрыторыi даволi працяглы час. Зусiм iншая справа, калi новым раслiнам дапамагаюць прыжывацца ў нас айчынныя навукоўцы. Так у свой час адбылося з травянiстай раслiнай — баршчэўнiкам Сасноўскага, якi сярод дачнiкаў больш вядомы як балiгалоў. Гэта даволi вялiкая парасонавая раслiна дасягае вышынi трох метраў. Баршчэўнiк быў завезены да нас з Далёкага Усходу, бо лiчыўся вельмi добрай кармавой культурай для жывёл у выглядзе сiласу. Але ў свежым выглядзе баршчэўнiк Сасноўскага з’яўляецца вельмi небяспечнай раслiнай, бо дакрананне да яго выклiкае моцныя апёкi ад агрэсiўных эфiрных масел. Малое дзiця, якое трапiць у вялiкiя зараснiкi балiгалова амаль без вопраткi, ад апёкаў гэтай раслiны можа нават загiнуць.

Раней баршчэўнiк Сасноўскага вырошчвалi толькi на эксперыментальных участках, але потым ён трапiў у дзiкую прыроду i зараз ля дарог, пустак i непрыдатных зямель месцамi стварае велiзарныя зараснiкi.

Паводле слоў навуковага супрацоўнiка Iнстытута эксперыментальнай батанiкi Аркадзя СКУРАТОВIЧА, у апошнiя гады ў нашай краiне нядрэнна прыжылiся каля 30 паўднёвых i паўднёва-ўсходнiх вiдаў раслiн, галоўным чынам пустазелля. Насенне гэтых раслiн трапiла да нас на галоўных мiждзяржаўных транспартных магiстралях. Менавiта ўздоўж чыгуначнага палатна ствараюцца спачатку невялiкiя анклавы новых папуляцый раслiн, насякомых i нават грызуноў паўднёвага паходжання. Таварныя i пасажырскiя цягнiкi з цёплых краiн прывозяць нам шмат новых вiдаў жыцця, якiя ў цёплыя зiмы зараз у Беларусi ўжо не гiнуць. Асобныя вiды гэтага паўднёвага пустазелля хутка заваёўваюць новыя тэрыторыi на пустках гарадоў i нават на дачах. Гэта 6 вiдаў аслiннiкаў, галiнзога, а таксама вярблюдкi i салянкi, якiя трапiлi да нас з пустынь. Галiнзогу завуць яшчэ i амерыканкай, бо гэта назойлiвая раслiна мае вельмi дробнае насенне, якое можа схавацца на вопратцы цi ў рэчах вандроўнiка, калi апошнi ўсё як след не ператрасе.

Будуць новыя хваробы i шкоднiкi

На поўднi кантынента цяплей, таму там i большая разнастайнасць вiдаў жыцця. Там больш розных бактэрый, хвароб, крывасмокаў i iншых насякомых. Сёння гэтыя iстоты ў сувязi з глабальным пацяпленнем пашыраюць свой арэал. Таму шматлiкiя паўднёвыя хваробы могуць трапiць i ў Беларусь.

— У нашай лабараторыi паразiталогii, — расказвае дырэктар Iнстытута заалогii НАН Беларусi Мiхаiл Нiкiфараў, — спецыялiсты неаднаразова ставiлi пытанне аб тым, што тэндэнцыя павышэння тэмпературы стварае спрыяльныя ўмовы для павелiчэння небяспекi малярыi. Гэта тэма намi ўзнiмалася i абмяркоўвалася на ўзроўнi мiнiстэрства аховы здароўя. Але, на жаль, у нас, пакуль гром не грымне, усе сур’ёзныя даследаваннi гэтай праблемы адкладваюцца на заўтра, бо на ўсё не хапае грошай.

Новых насякомых у нашых мясцiнах i зараз ужо даволi шмат. Але ў першую чаргу мы заўважаем павелiчэнне колькасцi шкоднiкаў. Масавае распаўсюджванне каларадскага жука з’яўляецца самым яскравым прыкладам таго, што хутка ў Беларусi могуць з’явiцца самыя нечаканыя насякомыя з сямейства шкоднiкаў i крывасмокаў. Спадар Нiкiфараў лiчыць, што нашэсце пражэрлiвай саранчы нам не будзе пагражаць яшчэ даволi доўга. Вядома, што гэтыя насякомыя-агрэсары з’яўляюцца вiдам стэпавага i паўпустыннага рэгiёнаў. Праўда, сёлетнiм летам на самым поўднi Украiны саранча ўжо рабiла свае першыя невялiкiя набегi.

Спецыялiсты ўпэўненыя, што ў найблiжэйшы час у нас павялiчыцца колькасць як лясных, так i жоўтых дробных хатнiх мурашоў, машкары i тлi. Большасць успышак эпiдэмiй шкодных насякомых ужо сёння навукоўцы звязваюць з анамальна цёплым надвор’ем.

Вырасце армiя крылатых грызуноў

На думку спадара Нiкiфарава, першымi з атрада грызуноў, хто адрэагуе на пацяпленне клiмату, стануць нашы кажаны. Большасць вiдаў крылатых «зубасцiкаў» сёння жывуць толькi на паўднёвым захадзе краiны, у Брэсцкай вобласцi i Белавежскай пушчы. Да апошняга часу далей на поўнач яны не рухалiся. Калi кажаны знойдуць дастатковую колькасць прытулкаў, то, магчыма, пачнуць заваёўваць i цэнтральныя раёны Беларусi. У той жа час колькасць кажаноў на Брэстчыне пачне павялiчвацца даволi хуткiмi тэмпамi.

Паводле слоў выканаўчага дырэктара грамадскай арганiзацыi «Ахова птушак Беларусi» Аляксадра ВIНЧЭЎСКАГА, наша сiнявокая краiна праз пэўны час можа пераўтварыцца ў край суслiкаў i хамякоў. Зараз суслiкаў у нас яшчэ вельмi мала, але ў сувязi з глабальным пацяпленнем яны могуць развесцiся, асаблiва ў запаведных зонах, даволi хутка. Сёння самая вялiкая канцэнтрацыя суслiкаў — у Ляхавiцкiм раёне. Самая паўночная — пад Мiрам у Гродзенскай вобласцi i ў Нясвiжы. Суслiк лiчыцца стэпавым вiдам грызуноў. Следам за суслiкамi павялiчваць сваю колькасць пачнуць i хамякi. Гутарка iдзе не аб сiрыйскiх цi джунгарскiх дробных грызунах, а аб сапраўдных вялiкiх хамяках вагой да 500 грамаў i болей.

Паводле iнфармацыi А. Вiнчэўскага, на тэрыторыi нашай дзяржавы расце каля 7 тысяч грыбоў. Разам з моцным глабальным пацяпленнем з нашых мясцiн могуць знiкнуць некалькi паўночных вiдаў грыбоў, а iх месца зойме плойма паўднёвых вiдаў, якiх стане ў нас на парадак болей. Гэта будуць розныя цвiлi, броснi i iншыя дробныя грыбы, якiя жывуць на поўсцi жывёл, на раслiнах, камянях i нават на целе чалавека. Нашы людзi сталi больш вандраваць, а калi спора грыба трапiла на вопратку, то на радзiме ў цёплых умовах яна прадоўжыць сваё жыццё.

Беларусь стане выраем?

Першымi глабальнае пацяпленне адчулi не беларускiя летуны, а паўднёвыя i паўночныя вiды птушак. Айчынныя крылатыя яшчэ амаль не «заўважылi» глабальных перамен, бо, як i раней, жывуць ва ўмераным клiмаце.

Другой радзiмай тэрыторыю Беларусi пачалi лiчыць шмат вiдаў птушак паўднёва-балотнага комплексу i стэпавай зоны кантынента. За апошнiя 20–40 гадоў у Беларусi з’явiлася 25–26 вiдаў новых птушак на гнездаваннi. Гэта адбылося таму, што недзе на поўднi працягваюць высыхаць вадасховiшчы i рэкi, а птушкi адтуль ляцяць да нас, дзе халадней i ёсць вада. Гэта вялiкая белая чапля, чапля кваква, шэраг чаек, качкi, кулiкi i iншыя. Раней гэтыя птушкi ў час мiнулых пацяпленняў ужо жылi тут. Зараз цыклiчнасць працэсаў клiмату зноў «гонiць» iх да нас.

Вялiкая белая чапля за апошнiя некалькi гадоў стварыла на тэрыторыi рэспублiкi ўстойлiвыя калонii. Сёння iх колькасць павялiчваецца даволi хуткiмi тэмпамi. Даволi шмат гэтых грацыёзных прыгажунь назiраецца ў басейне Прыпяцi. З кожным годам iх прылятае да нас з поўдня ўсё больш i больш.

Апошнiм часам у нас зафiксаваны адзiны паўднёвы вiд iбiсаў — каравайка. Пачалi сустракацца прыгожыя, з дзюбай як рыдлёўка, колбiцы, якiя жывуць на лiманах. Сёлета спецыялiсты заўважылi ў Беларусi егiпецкую чаплю i некалькi пар жоўтай чаплi.

Спадар Нiкiфараў лiчыць, што за 20–40 гадоў хуткага пацяплення ў Беларусi могуць цалкам высахнуць асобныя балоты. Ужо сёння каля 40 працэнтаў ранейшых балот не збiраюць у сабе вуглякiслы газ, а «выпараюць» яго ў паветра. Летам на iх тэрыторыi i ў лясах падчас моцнай спякоты магчымы моцныя пажары. Гэта вiдавочна. Значыць, трэба нешта рабiць.

Аляксандр Вiнчэўскi расказаў, што зараз грамадская арганiзацыя «Ахова птушак Беларусi» пачала выконваць праект Глабальнага экалагiчнага фонду, якi iм даручыў выконваць Мiнпрыроды. У рамках гэтага праекта АПБ падабрала ў Беларусi каля двух дзесяткаў балот, якiя былi парушаны мелiярацыяй, i накапленне CO2 там спынiлася. Пад кiраўнiцтвам АПБ гэтыя балоты будуць аднаўляцца, каб на самай справе стаць глабальным акумулятарам вуглякiслага газу i надзейнымi лёгкiмi Еўропы.