Как белорусы боролись против российского господства

Владимир ОРЛОВ
«Народная Воля», № 209
04.11.2003

Iснуе думка пра нiбыта адвечную санлiвую пакорлiвасць нашага народа. Аднак не хто-небудзь iншы, а якраз нашыя продкi на працягу няпоўных ста гадоў пасля захопу Беларусi Расiяй тройчы бралiся за зброю, каб вырвацца са смяротных абдымкаў iмперыi.

Увесну 1794 года беларусы разам з палякамi i жамойтамi паднялiся на паўстанне, якое ўзначалiў наш зямляк Тадэвуш Касцюшка.

На беларускiх землях барацьбой кiраваў палкоўнiк Якуб Ясiнскi, якi быў гарачым прыхiльнiкам iдэй Французскай рэвалюцыi. Ён хацеў знiшчыць прыгон, аднавiць Вялiкае Княства, пiсаў па-беларуску звернутыя да сялян вершаваныя пракламацыi. Змагары спявалi «Песню беларускiх жаўнераў»:

Паўстанцы ўзялi ўладу ў Вiльнi, Гароднi, Наваградку, Берасцi, Слонiме, Пiнску, Ваўкавыску, Кобрынi, Ашмяне, Лiдзе, Браславе. Але сiлы былi няроўныя. Загартаваная ў захопнiцкiх паходах царская армiя, на чале якой стаяў А.Сувораў, задушыла паўстанне.

Барацьба з царскай уладаю, што зрабiла Беларусь калонiяй, не спынялася. Вiленская студэнцкая моладзь стварыла таемнае таварыства фiламатаў, моцная фiлiя якога дзейнiчала ў Полацкай пiярскай навучальнi. Беларускi паэт i рэвалюцыянер Францiшак Савiч у 1836 годзе арганiзаваў у Вiленскай медычна-хiрургiчнай акадэмii нелегальнае «Дэмакратычнае таварыства», якое працягвала традыцыi разгромленых царызмам у 1823 годзе фiламатаў.

У 1831 годзе Беларусь падтрымала антырасiйскае паўстанне ў Польшчы. Найбольш чынная барацьба разгарнулася ў Ашмянскiм, Браслаўскiм, Дзiсенскiм i Вiленскiм паветах, а таксама ў ваколiцах Белавежскай пушчы. Трохтысячны шляхоцка-сялянскi аддзел заняў i колькi дзён утрымлiваў горад Дзiсну. На памежжы Вiцебскай i Вiленскай губерняў паспяхова дзейнiчаў палявы аддзел, створаны 25-гадовай графiняй Эмiлiяй Плятэр. Пераапрануўшыся ў мужчынскае адзенне, яна i сама ўдзельнiчала ў баях з расiйскiмi акупантамi. (Адам Мiцкевiч, дарэчы, напiсаў у яе гонар верш «Смерць палкоўнiка».)

Царызм задушыў паўстанне i ўзмацнiў каланiяльны ўцiск. Былi зачыненыя Вiленскi ўнiверсiтэт ды iншыя навучальныя ўстановы, а таксама шэраг вунiяцкiх кляштараў, бо беларускае грэка-каталiцкае духавенства падтрымлiвала паўстанцаў.

Але рэпрэсii не паставiлi народ на каленi. У студзенi 1863 года беларусы, як i iх браты па няволi ў Жамойцi i Польшчы, зноў узялiся за зброю. У Беларусi паўстаннем кiраваў Кастусь Калiноўскi. Разам з паплечнiкамi ён выдаваў па-беларуску газету «Мужыцкая праўда», якая выкрывала расiйскую палiтыку на паняволенай зямлi i клiкала народ на змаганне. «Падумайце добра да, памалiўшыся Богу, станьма дружна за нашу вольнасць! Нас цар нiц не падмане, — не падвядуць маскалi: няма для iх у нашых сёлах нi вады, нi хлеба, для iх мы глухiя i нямыя — нiчога не бачылi i не чулi», — пiсаў ён у адным з нумароў газеты пад псеўданiмам «Яська-гаспадар з-пад Вiльнi».

Напачатку паўстанцы здолелi атрымаць некалькi значных перамог. Аддзел начальнiка Магiлёўскай губернi Людвiка Звяждоўскага заняў горад Горкi. Паўстанцы авалодалi мястэчкам Свiслач i напалi на Ружаны.

Расiйскiм уладам удалося падмануць значную частку беларускага сялянства (асаблiва на ўсходзе Беларусi), якое паверыла, што «паны змагаюцца за вяртанне прыгону», а таму не падтрымала паўстанцаў. Ва ўсходнебеларускiх губернях паўстанне было задушанае ў траўнi, але на захадзе асобныя аддзелы змагалiся з карнiкамi да канца 1863 года.

Царызм жорстка расправiўся з барацьбiтамi за свабоду Бацькаўшчыны. Пакараных ваенна-палявымi судамi i без судоў у «Паўночна-Заходнiм краi» налiчвалася 18,5 тысячы. 128 паўстанцаў былi расстраляныя або павешаныя, 853 пайшлi на катаргу, 11 502 — у высылку.

Нягледзячы на рэпрэсii, жорсткi прыгнёт i русiфiкацыю, iдэя нацыянальнага вызвалення працягвала жыць. У 1884 годзе ў Пецярбургу пачаў выходзiць часопiс «Гоман», якi быў органам беларускай фракцыi рэвалюцыйнай арганiзацыi «Народная воля». «Гоманаўцы» вялi гаворку пра iснаванне беларускай нацыi i патрабавалi яе самастойнасцi пасля знiшчэння царызму. Заснавальнiкам сваёй фракцыi яны лiчылi нашага земляка шляхцiца Iгната Грынявiцкага, якi ў 1881 годзе, выконваючы прысуд «Народнай волi», забiў расiйскага цара Аляксандра II.