Энергетычная бяспека

Сяргей ГРЫБ
«Звязда», № 260
15.10.2003

У кастрычнiку, пасля заканчэння пусканаладачных работ, будуць зацверджаны акты прыёмкi 366,5 кiламетра другога беларускага ўчастка газаправода «Ямал-Еўропа» ад мяжы Расiйскай Федэрацыi да Нясвiжа — аб гэтым паведамiў намеснiк генеральнага дырэктара па капiтальнаму будаўнiцтву ААТ «Белтрансгаз» Валянцiн Шваб. У вынiку з’явяцца падставы весцi гаворку аб надзейным i бесперабойным транзiце расiйскага газу па ўсёй працягласцi лiнейнай часткi магiстралi на тэрыторыi нашай краiны. Варта нагадаць, што першы 209-кiламетровы ўчастак газаправода ад Нясвiжа да мяжы з Польшчай быў уведзены ў эксплуатацыю яшчэ ў 1999 годзе.

Газ расiйскi. Карысць — агульная?

Мiжурадавае беларуска-расiйскае пагадненне аб пракладцы на тэрыторыi нашай краiны магiстральнага газаправода «Ямал-Еўропа» было падпiсана ў 1994 годзе. Яно адпавядала iнтарэсам адначасова некалькiх бакоў. Так, краiны Еўропы маглi разлiчваць на пастаўкi новых аб’ёмаў расiйскага газу для забеспячэння ўласных палiўна-энергетычных патрэб. Расiя — на найбольш кароткi i эканомны калiдор транспарцiроўкi. Што непасрэдна да Беларусi, то ў яе з’явiўся шанц зарабляць дадатковыя грошы на транзiце.

Трэба ўдакладнiць адразу. Заказчыкам i iнвестарам будаўнiцтва газаправода «Ямал-Еўропа» з’яўляецца ААТ «Газпрам», прычым, як адзначаюць самi расiяне, пытанне «перадзелу ўласнасцi» сёння не стаiць. Нягледзячы на гэта, Беларусь мае магчымасць атрымлiваць «сваю» долю даходаў. Вось толькi некалькi лiчбаў. Пракладка 140 з 575 кiламетараў лiнейнай магiстралi па тэрыторыi нашай краiны (або прыкладна 25 працэнтаў ад агульнай працягласцi «трубы») выконвалася менавiта беларускiмi падрадчыкамi. Айчынныя прадпрыемствы мелi пастаянныя заказы на вытворчасць i пастаўку будматэрыялаў, а Беларуская чыгунка аказала паслуг па перавозцы грузаў для будаўнiцтва на суму больш чым 21 млн. долараў. «Газпрам» выдаткаваў прыкладна 12 млн. долараў на правядзенне праектна-разведвальных работ. Нельга таксама скiдваць з рахунку той факт, што ўжо зараз газаправод «Ямал-Еўропа» дазволiў забяспечыць працай больш за 300 грамадзян Беларусi, а ў далейшым iх колькасць павiнна павялiчыцца ўтрая. I ў дадзеным выпадку маецца на ўвазе не проста прадастаўленне прыстойнай i стабiльнай зарплаты, але i далёка не прывiдная верагоднасць забеспячэння работнiкаў жыллём.

Але цi не галоўнае. Аператарам па транспарцiроўцы расiйскага газу па магiстралi «Ямал-Еўропа» выступае ААТ «Белтрансгаз». З верасня 2000-га па верасень 2003 года паслугi па транзiту прынеслi бюджэту нашай краiны даход у выглядзе падаткаў i збораў на суму больш за 19 млрд. рублёў. I гэта, з улiкам доўгатэрмiновасцi праекта, толькi пачатак.

На «максiмум» — праз два гады

Чым большае прапампоўванне газу — тым болей паступленняў за транзiт. Згодна з гэтай «формулай», дынамiка апошняга часу падаецца някепскай. У 1999 годзе па газаправоду «Ямал-Еўропа» прайшло 1,3 млрд. кубаметраў палiва (для яго транспарцiроўкi часткова выкарыстоўвалася паралельная беларуская магiстраль «Таржок-Мiнск-Iвацэвiчы»), у 2000-м годзе — 13,8 млрд., 2001 годзе — 15,5 млрд., 2002 годзе — 18,1 млрд. Сёлета, як чакаецца, будзе пастаўлены своеасаблiвы рэкорд — 20,3 мiльярда кубаметраў. Аднак, адзначаюць у «Белтрансгазе», пакуль гэта мяжа. Далейшае павелiчэнне аб’ёмаў прапампоўвання газу да праектнай магутнасцi газаправода магчыма толькi з будаўнiцтвам кампрэсарных станцый.

Лiчыцца, што для падтрымання належнага цiску ў «трубе» кампрэсарныя станцыi павiнны размяшчацца праз кожныя 100–120 кiламетраў магiстралi, прычым кошт кожнай (з улiкам сучаснага абсталявання) ацэньваецца прыкладна ў 60 млн. долараў. Зыходзячы з гэтага, на тэрыторыi Беларусi кампрэсарных станцый павiнна быць пяць. На сёння ж рэальна працуе ўсяго адна — пад Нясвiжам. Якiя перспектывы будаўнiцтва астатнiх?

Як адзначыў на прэс-канферэнцыi ў Белавежскай пушчы па вынiках дыспетчарскай нарады краiн-пастаўшчыкоў, транзiцёраў i спажыўцоў газу па газаправоду «Ямал-Еўропа» начальнiк цэнтральнага вытворча-дыспетчарскага ўпраўлення ААТ «Газпрама» Барыс Пасягiн, тэрмiны ўводу ў эксплуатацыю кампрэсарных станцый у роўнай ступенi залежаць як ад фiнансавання, так i ад патрэбы ў палiве краiн Еўропы. Тым не менш цяперашнiя планы «Газ-праму» наступныя. У першай палове 2005 года пачнуць дзейнiчаць станцыi пад Крупкамi i Слонiмам, а да пачатку 2006 года — пад Оршай i Мiнскам.

Усё гэта дазволiць вывесцi газаправод «Ямал-Еўропа» на праектную магутнасць у 33 млрд. кубаметраў газу ў год. Кажучы iнакш, патэнцыяльны аб’ём прапампоўвання расiйскага газу праз калiдор «Ямал-Еўропа» ў Беларусi ўзрасце ў паўтара раза.

Гарантыя — стагоддзе

У тым, што газаправод «Ямал-Еўропа» будзе запатрабаваны, сумнявацца не выпадае. Справа тут нават не ў кантракце «Газпрама» з польскiм «ЕўраПолгазам» на выкарыстанне гэтага калiдора да 2019 года. Не менш важкi «аргумент» — надзейнасць беларускага ўчастка магiстралi. Як сцвярджаюць у «Белтрансгазе», стадыя будаўнiцтва прайшла на аснове сучасных навукова-тэхнiчных распрацовак, тут былi выкарыстаны трубы з заводскай iзаляцыяй, новыя тэхналогii зваркi i мантажу абсталявання. Кожная аперацыя (ад разгрузкi трубы да засыпкi траншэi) выконвалася пад наглядам незалежных фiрмаў. Абавязковай умовай стала тэсцiраванне трасы. Такiм чынам, мяркуюць спецыялiсты, у параўнаннi са «стандартным» час эксплуатацыi лiнейнай часткi газаправода павялiчыцца ўдвая — да 100 гадоў.

Такi «гарантыйны тэрмiн» тлумачыцца ў тым лiку якасцю абсталявання. Нясвiжскае ўпраўленне магiстральных газаправодаў па сутнасцi першым на тэрыторыi СНД пачало работу ў цалкам у аўтаномным рэжыме — тут iдзе цэнтралiзаваны збор iнфармацыi аб стане асобных участкаў магiстралi, наладжана гукавая сiгналiзацыя на выпадак «пазаштатных сiтуацый», прадугледжана адключэнне аварыйных зон непасрэдна з дыспетчарскай. Аналагiчныя магчымасцi ў Слонiме, дзе звесткi аб сiтуацыi на трасе, становiшчы кранаў i цiску абнаўляюцца кожныя паўтары секунды. Прычым пытанняў з абслугоўваннем не ўзнiкала. Адпаведны ўзровень падыходаў i тэхналагiчнай дысцыплiны ў «Белтрансгазе» быў заўсёды.

Дарэчы, за 4 гады работы газаправода «Ямал-Еўропа» не было адзначана нiводнага збою. А ў цэлым, па ацэнках спецыялiстаў, каэфiцыент надзейнасцi сiстэм «Белтрансгаза» традыцыйна лiчыцца лепшым, чым у расiйскага «Газпрама». Не кажучы пра газатранспартную сетку Украiны, якая з кожным годам усё больш востра адчувае праблему старэння асноўных фондаў.

Другая нiтка пад пытаннем?

Надзейнасць, бяспека, квалiфiкаванае абслугоўванне — сведчаннi на карысць менавiта «беларускага» шляху транспарцiроўкi расiйскага газу ў Еўропу. Хаця гэта тэма падаецца няпростай. Пры будаўнiцтве магiстралi «Ямал-Еўропа» першапачаткова меркавалася, што ён будзе ўяўляць сабой дзве паралельныя нiткi. Аднак планы прайшлi «карэкцiроўку» — пракладка другой трубы адкладзена.

«Спачатку трэба выканаць у поўным аб’ёме ўсе работы па ўводу першай нiткi газаправода «Ямал-Еўропа», — заявiў з гэтай нагоды начальнiк цэнтральнага вытворча-дыспетчарскага ўпраўлення «Газпрама» Барыс Пасягiн. — Да таго ж, як вядома, зараз намi вывучаецца магчымасць пракладкi газаправода па Балтыйскаму мору. I калi па Балтыцы з’явiцца канчатковае рашэнне, задача будаўнiцтва другой нiткi ў блiжэйшай перспектыве разглядацца не будзе».

Што да пазiцыi беларускага боку, то яна менш катэгарычная. Паводле слоў намеснiка генеральнага дырэктара ААТ «Белтрансгаз» Валянцiна Шваба, з улiкам запасаў расiйскага газу i патрэбы ў гэтым палiве еўрапейцаў, пытанне не страцiла актуальнасцi. «Расiяне ўклалi вялiкiя сродкi ў падземную разведку на тэрыторыi Беларусi, зрабiлi перамычкi i сёння пасутнасцi застаецца толькi пабудаваць яшчэ адну трубу, — адзначыў Валянцiн Шваб. — Таму я думаю, што да iдэi другой нiткi газаправода «Ямал-Еўропа» «Газпрам» яшчэ вернецца».

Мiж тым, пры вяртаннi да першага варыянта газаправода выгада будзе ўзаемнай. Згодна з ацэнкамi экспертаў, пракладка другой трубы магiстралi «Ямал-Еўропа» ў адным калiдоры з цяперашняй адназначна зменшыць агульныя выдаткi расiян. Беларусь у сваю чаргу зможа павялiчыць газавы транзiт. I, адпаведна, бюджэтныя паступленнi.

Нясвiж-Слонiм-Вiскулi