ЧАМУ НАС ЦЯГНЕ НА БЕРАГ ТУРЭЦКI?

Надзея НIКАЛАЕВА
«Звязда», № 246
27.09.2003

Як вы думаеце, якi напрамак аказаўся для беларускiх турыстаў у сёлетнiм летнiм сезоне найбольш прыцягальным? Крым, Балгарыя? Зусiм не. Найбольш выгадныя прапановы зрабiлi беларусам турэцкiя фiрмы, якiя пайшлi на iстотнае змяншэнне цэн. Адкарэкцiраваць сваю фiнансавую палiтыку iх прымусiлi ваенныя дзеяннi ў Iраку, якiя маглi адпудзiць турыстаў з заходнееўрапейскiх краiн. I наўрад цi яны прайгралi: як паказаў прайшоўшы турыстычны сезон, вайна i магчымыя тэрарыстычныя акты нашых грамадзян не вельмi пужаюць, калi iм прапануюць добра i, галоўнае, танна адпачыць.

Такой гiбкасцi не шкодзiла б павучыцца i беларускiм турфiрмам, якiя выстаўляюць за «сэрвiс» у беларускiх здраўнiцах проста фантастычныя цэны. Невыпадкова многiя беларусы аддаюць перавагу адпачынку за мяжой, i разважаць аб патрыятызме тут не мае сэнсу. Паводле слоў начальнiка ўпраўлення турызму Мiнiстэрства спорту i турызму РБ Чэслава Шульгi, згодна з афiцыйнай статыстыкай, летась за межы Беларусi з турыстычнымi мэтамi выязджалi крыху больш за 1 млн 300 тысяч беларускiх грамадзян (гэта лiчба не азначае дакладную колькасць нашых суайчыннiкаў, якiя наведалi замежжа; хтосьцi з тых, хто трапiў у статыстыку, выязджаў на працягу года неаднойчы). А наведалi Беларусь з турыстычнымi мэтамi крыху больш за 63 тысячы замежных турыстаў (улiчваюцца толькi тыя з замежных грамадзян, хто правёў у Беларусi больш за суткi, пражываў у гасцiнiцах i карыстаўся экскурсiйнымi паслугамi).

Дзяржаўны камiтэт пагранвойскаў прыводзiць зусiм iншую статыстыку: паводле iх iнфармацыi, беларускую мяжу перасякалi каля 5 мiльёнаў жыхароў нашай краiны, а ўехалi на тэрыторыю Беларусi каля 1 млн. 900 тысяч замежных грамадзян. Нават калi ўлiчыць, што хтосьцi выязджаў за мяжу выключна з гандлёвымi мэтамi (маюцца на ўвазе шоп-туры), то ўсё роўна суадносiны выязнога-ўязнога турызму атрымлiваюцца не на карысць унутрырэспублiканскага турыстычнага прадукту. Цiкава, што найбольш часта Беларусь наведваюць немцы i англiчане, а зусiм не палякi i лiтоўцы, хаця ў еўрапейскiх краiнах на 60 працэнтаў турыстычныя патокi фармiруюцца традыцыйна з грамадзян суседнiх краiн. Выходзiць, мы нашым суседзям проста нецiкавыя?

Пра неабходнасць прасоўвання беларускага турыстычнага прадукту мы разважаем не першы год, але цi многае за гэты час змянiлася? «Буксуе» праект «Залатое кола Беларусi». Так, сапраўды, Мiрскi i Нясвiжскi замкi сталi наведвацца часцей (за восем месяцаў гэтага года колькасць наведванняў узрасла ў параўнаннi з адпаведным перыядам папярэдняга года ў 1,5 раза), але ж iнфраструктура побач з iмi так i не была створана. Пакуль мы строiм планы аб развiццi ў краiне агратурызму i экалагiчнага турызму, палякi i лiтоўцы даўно ўжо зарабляюць на iх неблагiя грошы. Больш таго, ужо i беларусы ездзяць адпачываць на польскiя i чэшскiя азёры i рэкi.

— Мы лiчым вельмi перспектыўным накiрункам дзейнасцi кааперацыю беларускiх турфiрмаў з лiтоўскiмi цi польскiмi турфiрмамi i стварэнне камбiнаваных турыстычных тураў, - расказвае Чэслаў Шульга.- Напрыклад, маленькая Лiтва прыняла за мiнулы год 4,5 мiльёна турыстаў. А якая адлегласць памiж Вiльнюсам i Мiнскам? Чаму б не падоўжыць турыстычны маршрут i не даць турыстам магчымасць завiтаць яшчэ i ў Беларусь? Белавежскую пушчу, размешчаную на польскай тэрыторыi, наведалi за год 110 тысяч турыстаў. Можна прапанаваць турыстам для агляду i беларускую Белавежскую пушчу, якая займае значна большую плошчу — нам ёсць што паказаць. Палякi праяўляюць цiкавасць да водных вандровак па Аўгустоўскаму каналу, якi ахоплiвае дзве нашы краiны: польская яго частка ўжо даўно асвоена, але далучэнне беларускай часткi канала магло б прыцягнуць як новых турыстаў, так i зацiкавiць тых, каму гэты маршрут ужо добра знаёмы.

Многiя расiйскiя турыстычныя маршруты заканчваюцца ў Смаленску цi Пскове. Давайце працягнем iх да Полацка, Вiцебска, Браслаўскiх азёр. Пры гэтым мы цудоўна разумеем, што без лiбералiзацыi вiзавага рэжыму гэтыя праекты проста неажыццявiмыя: калi мы не забяспечым замежным турыстам «камфортныя ўмовы» пры перасячэннi беларускай мяжы, з мiнiмумам фармальнасцяў, як гэта робiцца ў Еўрасаюзе, мы iх да сабе не заманiм. I, зразумела, нам не абысцiся без магутнай рэкламнай кампанii.

Дарэчы, за апошнi год было створана 12 вiдэафiльмаў, якiя рэкламуюць Беларусь, i мноства даведнiкаў аб нашай краiне. Упершыню на мiжнародных выставах у Берлiне, Маскве i Вiльнюсе беларуская турыстычная галiна была прадстаўлена агульным нацыянальным стэндам. Пакуль што мы выглядаем вельмi сцiпла нават на фоне расiян цi ўкраiнцаў, але першы важны крок усё ж такi зроблены.

Ужо рэалiзуюцца сумесныя сур’ёзныя праекты з ЮНЕСКО. А днямi кiраўнiк беларускага ўрада падпiсаў дакумент аб уступленнi Рэспублiкi Беларусь у Сусветную турысцкую арганiзацыю, якая аб’ядноўвае 140 краiн свету. З краiн СНД у гэтай арганiзацыi не былi прадстаўлены толькi Беларусь i Таджыкiстан. Далучэнне Беларусi да паважанай мiжнароднай арганiзацыi адкрывае ёй доступ да сучасных мiжнародных тэхналогiй у сферы турызму, атрымання фiнансавай i метадычнай дапамогi, спрыяе росту яе аўтарытэту.

З нецярплiвасцю чакаюць у Мiнiстэрстве спорту i турызму таксама восеньскай сесii беларускага парламента, на якой, як усе спадзяюцца, будуць прыняты дапаўненнi ў Закон Рэспублiкi Беларусь «Аб турызме». Адзiн з падрыхтаваных артыкулаў датычыцца стварэння i развiцця ў Беларусi турыстычных тэрыторый (зон). Для таго каб прыцягнуць у турыстычныя зоны iнвестараў, дзяржава павiнна стварыць эканамiчныя ўмовы, якiя б маглi iх зацiкавiць.