ПА "СНЕЖКУ" Ў БЕЛАСТОК

Барыс ПРАКОПЧЫК
«Звязда», № 233
17.09.2003

НА СВАЕ ВОЧЫ

Жыхарам Прынямоння добра вядомыя фарба i сантэхнiка, каўбасы i алей, але не гiстарычныя i культурныя асаблiвасцi суседняга рэгiёна

Ноч на пагранпераходзе «Бераставiца-Баброўнiкi». Чарга, у якой аўтару гэтых радкоў не ўдалося ўбачыць легкавiкоў i мiкрааўтобусаў з польскiмi нумарамi. Значыць, едуць практычна толькi нашы землякi. Яно i зразумела: часы, калi палякi атаварвалiся ў нас тэлевiзарамi i iншымi тады дэфiцытнымi ў iх рэчамi, ужо даўно сталi гiсторыяй. Гэтак жа як i камерцыйныя паездкi беларускiх грамадзян з таварамi нашай айчыннай вытворчасцi ў самым шырокiм асартыменце, з якiмi яны стаялi на рынках вялiкiх польскiх гарадоў i мястэчак. Так многiя нашы суайчыннiкi, хто меў такую магчымасць i не «спаў у шапку», стваралi хто большы, хто меншы, але ўсё ж першапачатковы рынкавы капiтал. Зарабляюць i цяпер, але асартымент тавару, якi вывозiцца прыватнiкамi да суседзяў, зводзiцца хiба што да алкагольных i тытунёвых вырабаў, ды яшчэ саляркi, дзякуючы якой, дарагой, але пакуль у нас яшчэ таннейшай, тыя ж польскiя фермеры робяць сваю прадукцыю больш рэнтабельнай. У асноўным жа машыны накiроўваюцца ў Польшчу парожнiя, за той жа «Снежкай» (фарбай, якая, у параўнаннi з цэнамi ў гродзенскiх крамах, амаль удвая таннейшая), плiткай i iншымi прамысловымi i харчовымi вырабамi.

На жаль, рэалii такiя, што беларускiм «турыстам» добра вядомыя хiба што цэны на беластоцкiх рынках i ў супермаркетах. Але ж пра суседзяў трэба ведаць не толькi гэта.

«Над гэтым чыстым белым вытокам»

Беласток — сталiца Падляскага ваяводства i налiчвае, прыкладна як i Гродна, каля 300 тысяч жыхароў. Паводле легенды, лiтоўскi князь Гедзiмiн, адпачываючы ля ручая, акружанага магутным лесам, сказаў: «Цi не пабудаваць нам над гэтым чыстым белым вытокам паляўнiчы двор, а можа, i цэлую вёску?». Мажлiва, так i быў закладзены горад, якi лiчыцца сёння сталiцай «зялёных лёгкiх» Польшчы.

Першыя вядомыя запiсы, што сведчаць аб будаўнiцтве горада ў княжацкiх лясах на гары Нараў, датуюцца ХV стагоддзем. У тыя часы зямля, дзе сёння размешчаны горад, дасталася Якубу Рачку Табутовiчу, уладальнiку герба Лебедзь, якi пабудаваў сядзiбу ў Дойлiдах (цяпер ускраiна горада), але затым дом перайшоў ва ўладанне сям’i Хадкевiчаў. У 1520 годзе з’явiлася новае ваяводства Падляскае, якое было ўключана ў Вялiкае княства Лiтоўскае, а ў 1569 годдзе перайшло да Кароны Польскай. На працягу больш чым двух стагоддзяў усходняя частка цяперашняга Беластока належала Лiтоўскай Пагонi, а цэнтр i астатняя частка горада былi пад Польскiм Арлом. Аб даўняй сувязi памiж Польшчай i Лiтвой па сёння нагадвае герб горада. У сярэдзiне ХVI стагоддзя беластоцкая тэрыторыя дасталася дваранiну Пятру Весялоўскаму, ягоныя сын i ўнук пабудавалi ў Беластоку касцёл i замак.

Спрэчкi наконт таго, калi Беласток атрымаў статус горада, працягваюцца i зараз. У першай палове ХVII стагоддзя гэтыя землi дасталiся Стэфану Чарнецкаму — пераможцу ў вайне супраць шведаў. А ягоная дачка выйшла замуж за Бранiцкага, уладальнiка герба Грыф, i ён стаў новым гаспадаром Беластока. Сёння гэты горад не можа ганарыцца вялiкай колькасцю помнiкаў архiтэктуры, але ёсць некалькi сапраўдных жамчужын, сярод якiх турыстаў найперш цiкавiць палац Бранiцкiх, дзе цяпер размешчана Медыцынская акадэмiя. У часы Яна Клеменса Бранiцкага, якi ўладарыў у Беластоку ў 1711–1771 гадах, палац i наваколле называлi Версалем Падляскiм. Парк ля палаца зачароўвае мноствам скульптур, непадалёк — домiк, у якiм была славутая аранжарэя Бранiцкiх. Да палаца прылягае галерэя Арсенал, адна з лепшых выставачных залаў у краiне, дзе дэманструюцца работы сучасных аўтараў. А з класiчнымi карцiнамi ХVII-ХIХ стагоддзяў можна пазнаёмiцца ў Падляскiм музеi, размешчаным у пабудаванай Янам Клеменсам Бранiцкiм Ратушы.

У канцы 1796 года ў Беласток увайшлi прускiя войскi. Горад упершыню стаў адмiнiстрацыйным i ваенным цэнтрам, важным вузлом камунiкацыi, месцам шумных кiрмашоў, а таксама раем для кантрабандыстаў, бо непадалёк праходзiла мяжа памiж Прусiяй i Расiяй. Павялiчылася колькасць бараў (было iх каля пяцiдзесяцi), пабудавалi шмат новых дамоў, масонскую ложу (сёння там Падляская бiблiятэка).

Насуперак надзеям палякаў, у канцы чэрвеня 1807 года ў горад толькi часова ўвайшлi войскi Напалеона. Згодна з Тылжыцкiм трактатам акруга беластоцкая адышла да Расii. Расiйскiя войскi знаходзiлiся тут да 1915 года. А непадалёк, за Наравам, было аўтаномнае Польскае Каралеўства.

У 1830–1831 гадах ваяводства беластоцкае не справiлася з вызначанай яму роляй сувязнога звяна памiж Польскiм Каралеўствам i Лiтвой. Расiя сканцэнтравала тут вялiзныя ўзброеныя сiлы, а ў Беластоку быў арганiзаваны галоўны пункт кiравання iмi. Пасля лiстападаўскага паўстання цар выдаў указ аб арганiзацыi мытных пунктаў памiж Польшчай i Расiйскай iмперыяй. Гэта паклала пачатак развiццю на Беласточчыне ткацкай вытворчасцi. У 1843 годзе Беласток увайшоў у склад Гродзенскай губернi.

Наступным пераломным момантам у гiсторыi горада было адкрыццё ў 1862 годзе на той час хуткай i добра аснашчанай Варшаўска-Пецярбургскай чыгункi. Па гэтай магiстралi перавозiлi вугаль, машыны, прамысловую i сельскагаспадарчую сыравiну, праязджаў экспрэс да Нiцы. Праз дзесяць гадоў горад меў непасрэдныя зносiны з Прусiяй, а крыху пазней — з Украiнай i Масквой. Развiццё прамысловасцi карэнным чынам змянiла горад. Беласток стаў другiм пасля Лодзi цэнтрам тэкстыльнай вытворчасцi. У 1860–1910 гадах колькасць насельнiцтва павялiчылася амаль у чатыры разы, да 82,5 тысячы чалавек.

Падчас першай сусветнай вайны Беласток не быў аб’ектам ваенных дзеянняў. Мясцовую прамысловасць разбурыла прымусовая эвакуацыя, праведзеная рускай армiяй. Немцы пасля акупацыi горада ў сярэдзiне жнiўня 1915 года працягвалi грабеж. А, бадай, самыя катастрафiчныя страты ў сваёй гiсторыi Беласток зведаў падчас апошняй вайны, калi загiнула больш за палову яго жыхароў, было разбурана 80 працэнтаў жылых i вытворчых памяшканняў.

…Сёння ў гэтым рэгiёне ля ўсходняй мяжы Польшчы, дзе жывуць не толькi палякi, але i беларусы, лiтоўцы i нават татары, шмат маляўнiчых агратурыстычных гаспадарак. У развiлiне рэк Нарава i Бебжы размешчаны унiкальны ў Еўропе Нацыянальны парк з некранутымi балотамi — заказнiк ласёў, дзе жывуць бабры, ваўкi, выдры, гарнастаi i …больш як 235 вiдаў птушак. Пазнаёмiцца з тутэйшай фаунай можна з ракi (па Бебжы праходзiць вядомы байдарачны маршрут) i шматлiкiх пешаходных трас, дзе ўстаноўлены спецыяльныя назiральныя вежы. На ўсходзе Падляскага ваяводства — Белавежская пушча з селекцыйным цэнтрам, дзе можна ўбачыць зуброў, ласёў, аленяў, казуль, дзiкоў, ваўкоў i маленькiх польскiх коней — тарпанаў. А паўночная частка рэгiёна — гэта край 250 азёр, злучаных рэчкамi i каналамi. Славуты Аўгустоўскi канал звязвае азёры сiстэмай 18 шлюзаў на працягу 102 кiламетраў i ўжо даўно прыцягвае мноства турыстаў-байдарачнiкаў з усёй Еўропы.

Зрэшты, зусiм не туды едзе пераважная большасць легкавiкоў i аўтобусаў з беларускiмi нумарамi. Iх мэта — Беласток камерцыйны.

«Выберы мяне!»

Рэкламную кампанiю польскiя фiрмы пачынаюць ужо ў Гродне. Ля касы на прывакзальнай пляцоўцы, дзе прадаюцца бiлеты на аўтобусы i «рафiкi» да Беластока, можна азнаёмiцца з прапановамi таго цi iншага тавару. А адразу ж пасля перасячэння мяжы вас сустракаюць вялiзныя шчыты, якiя на рускай мове паведамляюць, што i дзе можна набыць гасцям Польшчы. Iм жа бясплатна прапануюць разнастайныя «гандлёвыя iнфарматары» з падрабязнай картай горада, неабходнымi тэлефонамi, адрасамi i асартыментам прадукцыi беластоцкiх фiрмаў.

На тутэйшым рынку гандляроў у той дзень, склалася ўражанне, было куды больш, чым пакупнiкоў. I рэдка калi з вуснаў апошнiх гучалi польскiя словы. Ды i прадаўцы, заклiкаючы выбраць менавiта iх тавар (а для гэтага дастаткова толькi на лiчаныя секунды спынiцца ля павiльёна цi палаткi), цудоўна валодалi мовай сваiх клiентаў. Пры гэтым, купiў ты што альбо не, нiхто нават выгляду не падасць, што iнтарэс да цябе страчаны.

Як трэба ставiцца да пакупнiка, нам прадэманстравалi, у прыватнасцi, у адной з крамаў па продажы будматэрыялаў i сантэхнiкi. Прыкладна 30-гадовы Станiслаў, мо, больш за паўгадзiны тлумачыў асаблiвасцi прадстаўленых тут вырабаў (асартымент той жа плiткi проста каласальны), а, пазнаўшы ў адным з членаў нашага калектыву свайго ранейшага клiента, станоўча адрэагаваў на просьбу зрабiць цэнавую скiдку. Такiм чынам, цэннiк — гэта яшчэ не догма, i ўсюды, нават калi гэта не рынкавая палатка, а вялiзная крама, можна i трэба таргавацца.

Дарэчы, адпаведныя скiдкi для замежных пакупнiкоў, якiя вывозяць гэтыя тавары ў сваю краiну, прадугледжаны i польскiм заканадаўствам. Калi кошт пакупак у адным магазiне перавышае 200 злотых (прыблiзна 50 амерыканскiх долараў), вы маеце права на вяртанне падатковых плацяжоў. Стаўка падатку ў Польшчы на розныя групы тавараў складае 3, 7 i 22 працэнты. Пры выездзе з краiны чэк TAX FREE адзначаецца на мытнi i на працягу трох наступных месяцаў прад’яўляецца ў месцы куплi гэтых тавараў для атрымання падатковай сумы.

Увогуле ў Беластоку на сённяшнi дзень налiчваецца каля 13 тысяч магазiнаў, у тым лiку некалькi буйных супермаркетаў. Палiцы, вобразна кажучы, лiтаральна гнуцца пад таварным багаццем. Але не забываюць тут i пра такую «дробязь», як прыбiральня: яна iснуе не толькi для персаналу крамы, i, каб адшукаць яе, не трэба лётаць па мiкрараёне.

Паводле слоў вышэйпамянёнага пана Станiслава, прамысловасць у заняпадзе, практычна адсутнiчае, i горад жыве па сутнасцi толькi гандлем. Адсюль i трывога беластоцкiх гандляроў у сувязi з вiзавым рэжымам для беларускiх грамадзян, што ўводзiцца з першага кастрычнiка: як гэта адаб’ецца на аб’ёмах тавараабароту i, адпаведна, колькасцi рабочых месцаў? Дарэчы, менавiта ў той дзень, калi мы былi ў Беластоку, тутэйшыя беспрацоўныя, падтрымаўшы сваiх «калег па няшчасцю» з iншых рэгiёнаў Польшчы, накiравалiся маршам на Варшаву, каб перадаць адпаведныя патрабаваннi ўраду. Арганiзацыя беспрацоўных налiчвае на цяперашнi час каля 45 тысяч членаў, а ў тым жа Беластоку, паводле слоў пана Станiслава, не мае працы кожны пяты малады чалавек.

…Паблiзу пагранперахода «Баброўнiкi-Бераставiца» многiя аўтамашыны з беларускiмi нумарамi спыняюцца. Нехта купляе каўбасы, а хтосьцi маскiруе альбо нават разукамплектоўвае набытыя прамысловыя вырабы на «запчасткi», бо беларускiя мытнiкi сочаць за iх вагой, якая не павiнна перавышаць 50 кiлаграмаў на чалавека. Праўда, у пагонi за больш танным таварам важна не перагнуць палку. У вадзiцеля нашага мiкрааўтобуса нядаўна быў пасажыр, якi ехаў з тэлевiзарам не з Польшчы, а туды, бо дома ён сапсаваўся, а скарыстацца гарантыйным абслугоўваннем можна было толькi па месцы куплi.

Што датычыцца польскiх мытнiкаў, то iх абсалютна не цiкавiць вага тавару — вязi хоць тонамi. Праўда, у адрозненне ад сваiх суайчыннiкаў-гандляроў яны далёка не заўсёды ствараюць умовы для хуткага дэкларавання пакупак на мытнi з мэтай вяртання падатковых плацяжоў. У чарзе за афармленнем адпаведнай дакументацыi можна патрацiць куды больш часу, чым на ўсе свае справы ў беластоцкiх крамах.

Зусiм хутка мы ўбачым, цi спраўдзяцца прагнозы аб скарачэннi чэргаў на пагранпераходах па прычыне вiзавага рэжыму. А вось нешта спрагназiраваць наконт прысутнасцi нашых землякоў не толькi на рынках i ў супермаркетах Беластока, але i ў яго гiстарычных i культурных славутасцях, пакуль цяжка. Але, хочацца верыць, не за гарамi i гэты, не камерцыйны, а сапраўдны турызм. Як i павiнна быць памiж суседзямi.