НА АДПАЧЫНАК - У "ВЕРАС"!

Барыс ПРАКОПЧЫК
«Звязда», № 228
12.09.2003

З натуры

Карэспандэнт «Звязды» пабываў у фермерскай гаспадарцы, дзе акрамя вырошчвання збожжа i агароднiны, вытворчасцi мэблi i тратуарнай плiткi, вырашылi заняцца сельскiм турызмам.

Iрына Янаўна, жонка кiраўнiка «Вераса» Мiхаiла Францавiча Макея, iнiцыятар i галоўны арганiзатар новага накiрунку дзейнасцi гэтай вядомай фермерскай гаспадаркi, якая неаднойчы прызнавалася лепшай у краiне, часта чуе ад сваiх зачараваных тутэйшай прыгажосцю гасцей параўнаннi з «маленькай Галандыяй». Такiя аналогii i сапраўды ўзнiкаюць, калi даведваешся, што ў гэтым куточку Зэльвеншчыны маецца каля 250 вiдаў (!) толькi шматгадовых раслiн, не кажучы ўжо пра аднагадовых. I ўсё гэта — у спалучэннi з iдэальна дагледжаным газонам, арыгiнальнымi фантанчыкамi, збанамi на плоце i iншымi вырабамi народнай творчасцi, а таксама з куранятамi самых розных парод, якiя раптам трапляюць вам на вочы, ледзь не пад ногi i гэтак жа хутка збягаюць па сваiх справах. Iншая справа — лебедзi, якiя без усякай мiтуснi «палiруюць» крыху далей ад сядзiбы тонкую «стужку» вадаёма, куды яны вось ужо каторы год вяртаюцца пасля зiмоўкi.

Iрына Макей у Галандыi пакуль не была i ў адказ на нейкiя «кветкавыя» параўнаннi з гэтай краiнай кажа, што «ўсё гэта ў нас было, проста забытае» — i прыводзiць у прыклад сваю цёцю, у якой, нават калi прыцiскала безграшоўе, усё роўна мелася на прысядзiбным участку каля дваццацi вiдаў цюльпанаў. А раслiннае «царства» Iрыны Янаўны пачыналася ў 1991-м,  з самых горшых, закiнутых зямель, балота i поля, куды не было дарогi, дзе дагэтуль гадоў дваццаць уладарылi хiба што дзiкарослыя травы i практычна нiчога не сеялi. Сямейнай нарады наконт фермерства, аказваецца, не было. Мiхаiл Францавiч, на той час галоўны аграном калгаса, рашэнне прымаў сам i з жонкай, загадчыцай магазiна, гэты крок не ўзгадняў. Чаму? «Ды, мусiць, адгаворвала б мяне, — тлумачыць Мiхаiл Макей. — Нiхто ж тады не ведаў, што з гэтага фермерства атрымаецца. Сёй-той нават смяяўся, маўляў, »пабалуецца« i вернецца назад у калгас».

Iрына Янаўна яшчэ год адпрацавала ў краме, а затым цалкам пераключылася на клопаты аб дзецях, якiя на той момант былi дашкалятамi, i дапамогу мужу ў яго, дакладней iх, новай справе. Першай уласнай тэхнiкай стаў новы трактар, якi набылi разам з суседам, таксама фермерам. Убралi першы ўраджай (бульба, збожжа, цукровыя буракi) — атрымалася вельмi някепска, i ўжо восенню разлiчылiся абсалютна з усiмi крэдытамi, купiлi яшчэ адзiн трактар, грузавы аўтамабiль. Калгас прадаў камбайн, якога было дастаткова на траiх фермераў, гады праз два дзяржбюджэт дапамог з дарогай.

Дарэчы, пасля тых «стартавых» крэдытаў «Верас» у банках больш нi рубля не пазычаў — абыходзяцца выключна ўласнымi рэсурсамi. А плошча гаспадаркi з першапачатковых 50 гектараў, як нi хацелi пашырыцца, а павялiчылася за прайшоўшыя гады ўсяго на 14 га. Сёлета гектараў 20 было пад пшанiцай i ячменем, даўшы па 52 цэнтнеры збожжа на круг. На 10 гектарах — бульба (у мiнулыя гады атрымлiвалi па 300 i больш цэнтнераў з гектара) i прыкладна такiя ж тэрыторыi выкарыстаны пад капусту i моркву. Асаблiвых праблем са збытам прадукцыi ў гаспадарцы яшчэ не ведалi (агароднiну прадавалi ў асноўным у Мiнску, на кiрмашах, а многiя клiенты прыязджалi атаварвацца самi), сёлета ж Мiхаiл Макей прагназiруе пэўныя цяжкасцi. Але ж для таго гаспадарка i развiваецца як шматпрофiльная, каб не заганяць сябе ў тупiк у выпадку неспрыяльнай кан’юнктуры на тым цi iншым напрамку дзейнасцi. I сапраўды, у адным сезоне можа лепш атрымацца з бульбай, а ў другiм больш «грашавiтым» акажацца сад з 800 дрэў, што цяпер падрастае ў «Верасе».

На цяперашнi момант у фермерскай гаспадарцы створана каля дваццацi рабочых месцаў, прычым не толькi ў земляробстве. Арганiзавалi вытворчасць ужо даволi папулярнай у рэгiёне карпусной мэблi ў самым шырокiм асартыменце згодна з пажаданнямi заказчыкаў — прыхожыя, кухнi, спальнi, офiсная мэбля, тумбачкi пад тэлевiзар… Лiтаральна нарасхват цяпер i тратуарная плiтка, якую ў асноўным купляюць жыхары наваколля для добраўпарадкавання сваiх падворкаў. Зарабляюць рабочыя гэтага цэха каля 200 тысяч рублёў, што ўдаецца ў глыбiнцы далёка не кожнаму, затрымак з разлiкамi па зарплаце не бывае.

Цяпер вось — агратурызм. Iрына Янаўна шмат аб iм чытала, а праязджаючы Польшчу, бачыла ля дарог шматлiкiя запрашэннi заехаць на абед у вёску, пераначаваць там, парыбачыць, пакатацца на байдарцы альбо на конях… А асаблiва ўразiла яе нядаўняя паездка ва Украiну. Сельскi турызм там развiваецца ўжо 7 гадоў, яго iнтарэсы лабiруюць 18 грамадскiх аб’яднанняў. Нашы суседзi зразумелi: калi дзяржава не ў стане забяспечыць вяскоўцаў работай i дастойным iснаваннем, то яна хаця б не павiнна перашкаджаць iм выжыць. I людзi знайшлi для сябе такiя варыянты. Пры гэтым нiхто iх не пытае, дзе ваша лiцэнзiя, дазвол на арганiзацыю адпачынку гасцей, разумеючы, што гэта робiцца ў рамках асабiстай падсобнай гаспадаркi, i дзяржаўныя органы не павiнен цiкавiць дадатковы, ды i, як правiла, зусiм невялiкi даход з гэтага падворка.

Ва ўкраiнскай вёсцы, дзе пабывала Iрына Макей, на турыстаў працуюць, як кажуць, усёй грамадой. Адны забяспечваюць iм начлег, другiя — прапануюць так званы «парад варэнiкаў», прададуць мёд, яйкi. Акрамя таго, вас правядуць па тутэйшых вышывальшчыцах, затым — на возера, дзе можна пакатацца на лодцы цi закiнуць спiнiнг на шчупака. Такiм чынам, уся вёска пачынае зарабляць ад агратурызму. «Людзi там ужо па-iншаму мысляць, — дзелiцца сваiмi ўражаннямi Iрына Янаўна. — У iх столькi планаў, каб адпачынак гасцей стаў яшчэ больш камфортным i цiкавым!».

Iрына Янаўна перакананая, што, можа, не так хутка, але праз год-два сельскi турызм зойме сваё дастойнае месца i ў Беларусi. Прынамсi ў «Верасе» для гэтага падрыхтавалiся ўжо някепска. Гасцей прыме дом з утульнымi, цудоўна мэбляванымi пакоямi (дзякуючы, дарэчы, свайму дрэваапрацоўчаму цэху), спутнiкавай тэлеантэнай, з аснашчанымi сучаснай сантэхнiкай прыбiральняй, ваннай, гарачай вадой, чысцiню якой забяспечваюць, нягледзячы на балоты, высакаякасныя фiльтры. Таксама на вышэйшым узроўнi прысядзiбная тэрыторыя i, як пераканаўся ваш карэспандэнт, кухня. Пры гэтым гасцям ёсць што паказаць. Тыя ж раслiнныя «цуды» — ужо сама па сабе экскурсiя. Гэтак жа як i гiсторыя фермерскай гаспадаркi — урок сельскагаспадарчай эканомiкi, прадпрымальнiцтва. Непадалёку — Жыровiцкi манастыр, Сынкавiцкая царква… I з Мiнска, i з Гродна ў «Верас» вядуць нармальныя дарогi. I, бадай, галоўнае — вас сустрэнуць гасцiнныя, добразычлiвыя людзi.

Каментарый старшынi праўлення грамадскага аб’яднання «Агра- i экатурызм», дацэнта кафедры мiжнароднага турызму БДУ Валерыi Клiцуновай:

— Мы Амерыку не адкрываем, Беларусь — гэта апошняя краiна ва Усходняй Еўропе, якая пачынае займацца сельскiм турызмам. Сёння Еўрасаюз бачыць магчымасць эканамiчнага ўздыму ў вёсцы менавiта ў сельскiм турызме. Паводле падлiкаў заходнiх спецыялiстаў, уладкаванне сельскага чалавека ў горадзе абыдзецца ў 20 разоў даражэй, чым стварэнне ўмоў для яго жыцця i працы ў вёсцы. I сельскi турызм у дадзеным выпадку — частка ўнутраных крынiц iнвестыцый для гэтага, бо не патрабуе сродкаў з дзяржаўнага бюджэту. Ён дазваляе ствараць новыя рабочыя месцы, забяспечвае прыток валюты, развiвае iнфраструктуру i павышае культурны ўзровень насельнiцтва. Такi падыход ужо прынёс вынiкi — сёння ў Еўропе ў сельскай мясцовасцi налiчваецца столькi ж ложка-месцаў для адпачываючых у дамах гаспадароў, колькi i ў гасцiнiцах.

Швейцарыя
75 працэнтаў фермераў у горных раёнах някепска жывуць толькi дзякуючы турызму. Даходы ад яго складаюць 15 мiльярдаў долараў у год, пры гэтым 10 з iх атрымлiваюць ад сельскага турызму, якi перажывае ў Швейцарыi сапраўдны бум.

Францыя
Уяўленне, быццам даходы ад прыёму гасцей трапляюць у асноўным на рахункi гасцiнiц, аказваецца, памылковае. Падчас летнiх водпускаў у гатэлях Францыi жыве толькi 7 працэнтаў вандроўнiкаў. Астатнiя аддаюць перавагу больш экзатычнаму i таннаму жыллю.

Iталiя
Абслугоўванне турыстаў стала для сельскiх жыхароў адной з асноўных крынiц даходу. У вёсках з’явiлiся мiнi-гасцiнiцы з антыкварнай мэбляй, басейнамi, тэнiснымi кортамi… Цяпер у Iталii каля 10 тысяч сялянскiх сядзiб прадастаўляюць паслугi па прыёму турыстаў. Летась краiна атрымала ад агратурызму прыбытак у памеры 350 мiльёнаў долараў.

Лiтва
У мiнулым годзе вясковыя сядзiбы прынялi больш за 100 тысяч гараджан Лiтвы i замежных турыстаў. У асацыяцыю «Адпачынак у вёсцы» тут аб’ядналiся 600 сельскiх гаспадарак.

Польшча
У краiне больш як 4 тысячы агратурыстычных гаспадарак. У 2000 годзе там было задзейнiчана каля 15,5 тысячы чалавек, а ў 2005 годзе, паводле ацэнак экспертаў, гэтыя паслугi забяспечаць працу прыкладна 55 тысячам вяскоўцаў.

А што ў нас? Для ацэнкi патэнцыялу развiцця сельскага турызму ў Беларусi скарыстаем вядомую ва ўсiм свеце мадэль трох «А»: Atractions (славутасцi); Accesses (магчымасцi ўезду ў краiну цi раён); Accomodation (жыллё). Што датычыцца першых дзвюх «А», дык тут у нас усё ў парадку. Што ж да жылля, то ва ўсiх беларускiх запаведнiках i нацыянальных парках маецца толькi 3500 гасцiнiчных месцаў. Гэта на 10 мiльёнаў жыхароў, без улiку замежных турыстаў.

У грамадскае аб’яднанне «Агра- i экатурызм» на сённяшнi дзень уваходзiць каля 200 чалавек. Гэта галоўным чынам вяскоўцы Беларусi, якiя б хацелi асвоiць новую прафесiю i арганiзаваць агратурыстычны сэрвiс. Праведзена «iнвентарызацыя» iх патэнцыялу (памер дома, колькасць пакояў, наяўнасць камунальных выгод, дамашняй жывёлы, якiя ў наваколлi славутасцi). Плануецца выданнне каталога аб гэтых сядзiбах, якi атрымаюць iнфармацыйныя цэнтры i турыстычныя агенцтвы.

Магчымасцi для развiцця сельскага турызму ў нас велiзарныя. 20 тысяч рэк, 10 тысяч азёр, лясы, лугi, некранутыя цывiлiзацыяй вёскi, памяркоўныя, гасцiнныя людзi. Калi ўкласцi ў гэтыя дамы некаторую суму на душ i прыбiральню (дарэчы, за сезон яна i вернецца), то за мяжу ездзiць i не варта. Нашы Прыпяць, Браслаўскiя, Блакiтныя азёры могуць канкурыраваць яшчэ як дастойна!

Возьмем, да прыкладу, этнаграфiчны сядзiбны комплекс «Дудуткi», дзе бывае шмат iншаземцаў. На пытанне, што iм больш за ўсё падабаецца ў Беларусi, яны адказваюць так:

-
прыгажосць сельскiх краявiдаў, прыроды ў цэлым;
- запаведнiкi i заказнiкi;
- традыцыi, звычаi;
- помнiкi архiтэктуры i культуры.

Свой вольны час iншаземцы любяць бавiць за горадам, вандруючы па наваколлi з кошыкам, запоўненым ежай, i любуючыся нашымi пейзажамi.

Мне не аднойчы даводзiлася чуць ад работнiкаў акрэдытаваных у Беларусi дыпламатычных мiсiй: «Цi нельга дзе-небудзь на ўлоннi прыроды зняць дом — просты, драўляны, але з гарачай вадой i прыбiральняй?». На жаль, арандаваць добраўпарадкаванае жыллё ў нас праблема. I хiба ж толькi для iншаземцаў? Нядаўняе свята ў Нясвiжы, на маю думку, не ўдалося ў тым лiку i таму, што людзям не было дзе жыць. Мiнскiя аўтобусы iшлi туды — назад, туды — назад.

Што не спатрэбiлася б, калi б у наваколлi былi агратурыстычныя сядзiбы.

Дачы на лета ў нас наймалi спрадвеку. Робяць гэта i цяпер. Толькi нелегальна. Дык чаму б не дазволiць рабiць гэта афiцыйна? Даць патэнт, вызвалiць ад падаткаў. Бо ва ўсiм свеце гэта разглядаецца як дапамога сельскаму насельнiцтву.

Многiя дзелавыя заможныя людзi ўжо паездзiлi па свеце. Яны пачынаюць паварочвацца да сваёй краiны, хочуць адпачываць дома. I калi мы арганiзуем iх быт — яны з задавальненнем будуць гэта рабiць. I не толькi яны. Згодна з даследаваннямi камiсii ААН 82 працэнты жыхароў беларускай сталiцы зацiкаўленыя ў экалагiчных вандроўках па сваёй краiне i адпачынку ў вёсцы.

Праекты, звязаныя з агратурызмам, падтрымлiваюцца ўсюды. Скажам, у рамках адной з мiжнародных праграм у польскай частцы Белавежскай пушчы гаспадары сядзiб атрымалi па 2000 долараў на стварэнне бытавых умоў (гарачая вада, душ, прыбiральня) для прыёму турыстаў.

Хочацца верыць, што перамены ў адносiнах да сельскага турызму не за гарамi i ў нас. Вельмi ўжо справа добрая. Прычым для ўсiх — i для сельскiх жыхароў, i для гараджан-турыстаў, i для дзяржавы.

Зэльвенскi раён.