Буслоў няма, i жабы здохлi?

Васiль БАРАНАЎ
«Звязда»
19.03.2003 №68

Калi шчыра, то iдэю нарыса мне падараваў адзiн з сяброў-журналiстаў. Аднойчы, у зусiм неафiцыйных абставiнах, ён так смачна распавядаў пра падзеi дзён мiнулых, што, ўдосталь нарагатаўшыся, я спытаў, чаму гэта не выкладзена на паперы, як добрая iлюстрацыя i да сённяшняга часу. На што мой сябра адказаў шчыра: «Бяры, калi хочаш, пiшы». Праз нейкi час яго вясёлыя ўспамiны, мне «падораныя», папрасiлiся ў газетны матэрыял.

Было гэта ў часы агульнага захаплення лёсавызначальнымi планамi партыi па павароту на поўдзень паўночных рэк, заваявання космасу i… асушэння палескiх балот. Да Енiсея i Ангары справа, як вядома, не дайшла. А вось да палешукоў, з iх балотамi i прываблiвымi для буслоў i жаб дрыгвянымi мясцiнамi, кiруючыя рукi дацягнулiся. А працаваў мой сябра, малады журналiст, у тыя гады ў адной з вядучых рэспублiканскiх газет. Далей размову павядзём як бы ад яго iмя, на што ён згадзiўся.

У адзiн з прыгожых дзён, якiя толькi бываюць на мяжы вясны i лета, мяне нечакана запрасiў да сябе галоўны рэдактар. Самi разумееце, што гэта быў не проста галоўны, а мiж iншым, член ЦК партыi, шчыры праваднiк яе iдэй. Як толькi я, вядома з дрыжыкамi ў каленях, пераступiў парог кабiнета галоўнага, то адчуў усё напружанне цякучага моманту. Сур’ёзны твар шэфа насцярожваў. Але нечакана сур’ёзнасць змянiлася шчырай усмешкай, i ён паведамiў, што я, малады руплiвец пяра, уключаны ў склад адказнага пiшучага дэсанта. Пры гэтым шматзначна ўзняўшы некуды да столi палец, падкрэслiў, што гэта заданне ад самога ЦК партыi.

Затым, не чакаючы пытанняў аб сутнасцi такой адказнай мiсii, галоўны коратка расказаў, у чым справа. Пасля асушэння палескiх балот у адрас партыйных i iншых кiруючых iнстанцый паляцелi лiсты аб нейкiх экалагiчных зменах на асушанай зямлi. Людзi, маўляў, пiшуць аб тым, што дзесьцi ў калодзежах вада знiкае, сажалкi мялеюць, буслоў стала мала, нават колькасць вераб'ёў зменшылася. Не разумеюць людзi выбуховы характар прагрэсу ад мелiярацыi. Пiшуць абы-што. Прасвятлiць трэба.

— Дык вось, — амаль па-вайсковаму падвёў рысу галоўны, — задача дэсанта — паказаць адваротнае: што i буслоў хапае, i колькасць статкаў жывёлы павялiчылася на асушаных пожнях, ды i тыя ж вераб'i патлусцелi. Глядзi, — завяршыў ён, — будзь на вышынi моманту.

Караскацца на гэтую самую вышыню я кiнуўся даволi спрытна. Са слоў галоўнага ведаў, што дэсант падабраны адпаведна моманту — ёмкi, рашучы, надзейны i моцны. Гаворачы сённяшняй мовай — спецназ. У яго склад увайшлi пiсьменнiкi, масцiтыя журналiсты, сярод якiх апынуўся i я са сваёй юначай рашучасцю спраўдзiць надзеi галоўнага.

Шлях на аўтобусе да «ўсыхаючых» палешукоў дараваў некалькi гадзiн для ўнутранага абмазгоўвання будучых прасвятляючых нататкаў. Нялiшне заўважыць, што за дэсантам цягнулася i добрае «тылавое забеспячэнне». Як потым высветлiлася, былi i прамежкавыя гаспадарчыя базы для натхнення дэсанта.

Ужо на першай з iх, побач з прыгожай вёсачкай, у ценi кашлатых векавых дрэў, дэсантнiкаў прываблiва пацягнулi да сябе бутэлькi з зялёнымi этыкеткамi, «Баржомi», «Палюстрава» на прыгожых столiках i зусiм нядрэнныя харчы. А што можа быць лепей для творчасцi, чым цудоўнае яднанне прыроды, натхнення i насычанага адпачынку?

Пасля непрацяглага часу злiцця духу i цела на першай прамежкавай базе дэсант накiраваўся далей. Адчувалася, што адбылася добрая распрацоўка тых задач, якiя былi пастаўлены перад пiсьменнiкамi i журналiстамi. Пакрысе знiкла ўнутранае напружанне ад пошукаў надзейных падыходаў па выкананню адказнай мiсii.

Праз адчыненыя вокны аўтобуса лёгкi ветрык ласкава абвяваў узрушаныя прыгажосцю жыцця галовы дэсантнiкаў. Быццам бы ў адказ на гэту пяшчоту, насустрач iм мала-памалу панеслiся ўрыўкi будучых нататкаў. Хтосьцi побач са мной эмацыянальна заўважыў вялiкi вераб’iны гурток у сонечных промнях. «А ластавак, ластавак колькi!» — данеслася з другога кутка аўтобуса. Потым усе разам, перабiваючы адзiн аднаго, загаварылi аб птушыным царстве тутэйшых мясцiн.

Да наступнага базавага адпачынку дэсант падцягнуўся на добрым уздыме. I тут было не толькi не горш, а нават i лепей, чым на першым. На беразе невялiкага азярца, акаймаванага чаротам, дымiлiся жароўнi. Пад распушанай вярбой прытулiлiся сталы з прывабнымi напоямi i пахамi мясцовых далiкатэсаў. Асаблiвага рэгламенту ў чарговым снеданнi не прадбачылася. Як заўсёды было заведзена, пачалi гаварыць старэйшыя, масцiтыя дэсантнiкi ад пяра i паперы. З кожнай чарговай чаркай iх словы i натхненне ўздымалi нас, маладых, да вышынь буслiнага палёту над палескiмi прасторамi. Пад уплывам iх прамоў у нашых будучых палескiх нататках павялiчвалася колькасць буслоў, тлусцелi статкi жывёлы на зялёных пожнях, паверх калодзежных кругоў ручаямi пералiвалася вада, вераб’ямi былi запалоненыя гаспадарчыя падворкi мясцовых вёсак.

Калi а другой палове дня дэсант пачаў пераадольваць чарговы адрэзак свайго маршруту, увесь яго склад, ад маладых да старэйшых, быў ужо суцэльнай баявой адзiнкай. Не заставалася нiякiх сумненняў, што ў блiжэйшы час на старонках газет, часопiсаў i кнiг беларускi люд убачыць квiтнеючы Палескi край, для якога мелiярацыя з’явiлася дарам Божым.

У ходзе далейшага руху нiякiх спрэчак амаль што не было. Гучалi толькi нейкiя ўдакладненнi ад заўважаных наогул мелiярацыйных змяненняў. «Глядзi, колькi буслоў на слупах сядзiць», — важна адзначыў адзiн з масцiтых. «Калонiя, мабыць», — прафесiйна падтрымаў яго другi, што сядзеў побач. Гэта быў пiсьменнiк, якi супрацоўнiчаў з часопiсам «Юны натуралiст» i неаднойчы пiсаў туды пра тараканаў, мышэй, камароў i iншую каланiяльную жыўнасць. Трэцi не меней разважлiва заўважыў, што тут уважлiва ставяцца да беларускай птушкi. «Бач, — падкрэслiў ён, — нават колькi слупоў на кожнага нарыхтавалi».

Калi падкацiлi блiжэй, я таксама ўгледзеў тэлеграфны слуп, на якiм на адной назе драмаў, з дзюбай пад крылом, адзiнокi бусел. Ад сваiх заўваг на гэты конт я ўстрымаўся, зразумеўшы, што не дарос яшчэ, каб бачыць тыя самыя калонii буслiныя.

Быў i трэцi базавы прыпынак, якi не ўнёс асаблiвых змен у размораны ад дзённых уражанняў i прыпынкаў стан дэсантнiкаў. Адпачывалi i ўжо сфармiраваныя думкi для будучых твораў. Тым больш, наперадзе яшчэ чакаў адпачынак у вядомым калгасе з генеральнай вячэрай. Невялiкая, але прыгожая сажалка побач з калгаснай гасцiнiцай, мяккiя промнi заходзячага сонца настройвалi на нейкi лiрычны лад успрымання жыцця. Разбiўшыся на групы, на беразе сажалкi кожны атаясамлiваў цiшыню i прыгажосць гармонii прыроды са сваiм жыццём. Над вадзяной гладдзю сажалкi мiтусiлася машкара, «таўклi мак» камары, квакнула адзiнокая жаба.

Кваканне жабы ўзрушыла цiшыню вечара ўспамiнамi. «Якi хор, — натхнёна заўважыў адзiн са сталых дэсантнiкаў. — Як у дзяцiнстве, калi пад гэтыя спевы жаб пэцкалi ногi ў iхняй iкры ў вясковых веснавых лужынах». Ланцужок успамiнаў быў перарваны запрашэннем на генеральную, як чакалася, вячэру. Вячэралi ва ўтульнай калгаснай сталоўцы. Былi сталы. На iх дымiлася звычайная сялянская ежа з адваранай бульбай, вiнегрэтам, катлетамi. Зусiм незразумелай i нечаканай была адсутнасць бутэлек з зялёнымi або мясцовымi этыкеткамi. «Баржомi» i «Палюстрава», праўда, было даволi.

Гэта нiяк не адпавядала ўсiм правiлам, якiя складвалiся на працягу творчага дня. Але пасля красамоўных ёрзанняў творчага люду з’явiлiся i адсутныя бутэлькi. Усё стала на свае месцы. У размовах мiтусiлiся вераб’i, клекаталi буслы, шчабяталi ластаўкi. На ўзвышшы натхнення хтосьцi пачаў сцвярджаць, што на мелiяраваным лузе заўважыў статак рагатых жывёл, на выменi якiх было па восем цыцак. Спрачацца з гэтым нiхто не стаў. Нават нехта з веданнем справы падкрэслiў, што так i павiнна быць. Чатыры цыцкi ў каровы — штосьцi не тое, на ўсiх i не хапае. Чатыры — гэта быццам бы толькi на галiны ўлады, а вось восем на ўсiх хопiць. I тут згода была поўная.

Усё было б добра, калi б, як кажуць, чорт не ўмяшаўся. А ўмяшаўся, мiж iншым, не чорт, а звычайныя калгасныя дзяўчаты i хлопцы, якiя абслугоўвалi творчы дэсант на генеральнай вячэры. Яны на кожны столiк паклалi лiсты з пералiкам з’едзенага i выпiтага з адпаведным рублёвым рахункам. Трэба было бачыць адбiтак сцэны з «Рэвiзора» за сталамi, над якiмi некалькi хвiлiн таму гучалi клёкат буслоў i шчабятанне ластавак. Завяршылася гэта сцэна шамаценнем кiшэнных рублёў i нейкiм агульным прыдыхам: «Буслоў няма, i жабы здохлi». Гэта быў стогн зняважанага таленту, адказнай мiсii.

— Не, не думай, — падкрэслiў мой сябра, — заданне свайго галоўнага мной было выканана. Ды i дэсант быў на вышынi. На другi дзень у друку з’явiлася тое, што было закладзена ў агульную задуму дэсантнай мiсii. На Палессi ўсё было добра. Праўда, адбiтак генеральнай вячэры адчуваўся. Не было кароў з вялiкай колькасцю цыцак, зменшылiся вераб'iныя гурткi, неяк былi прыглушаныя спевы жаб, i вада з калодзежаў праз верх не пералiвалася.

Безумоўна не былi абыдзены ўвагай i буслы. На маё пытанне, як яны там, на Палессi, сябе адчуваюць, цi значная iх там колькасць, цi хапае слупоў пад гнёзды, — адказ быў просты: — «Ёсць буслы!». А як жа iнакш. Куды ж без iх? «Белый аист летит над Полесьем, над тихим жнивьем…»

P.S. Трывожыць усiх нас Белавежская пушча. Вучоныя перакананыя, што разам з iншым напад жука-караеда справакаваны ў першую чаргу мелiярацыяй вакол пушчанскiх лясоў, якая вядзецца цiшком i цяпер. Цi не таму вiльгацелюбiвыя елкi сохнуць i гiнуць, становяцца лёгкай здабычай караедаў?