Белавеская пушча: шанец выжыць

Юлія ДРАНЧУК
Радыё Рацыя
10.01.2003

Ліст Рыгора Казулькі, былога дырэктара навуковага сэктару Белавескай пушчы, мае розгалас. 4 студзеня ягоны артыкул «Белавескую пушчу сякуць, сякуць, сякуць…» быў надрукаваны ў газэце «Народная воля». Артыкул утрымлівае шэраг сур'ёзных зьвінавачаньняў на адрас сёньняшняга кіраўніцтва Нацыянальнага парку за гаспадарчую дзейнасьць на тэрыторыі пушчы. Паводле намесьніка старшыні Камлясгасу пры Савеце Міністраў РБ сп. Юшкевіча, факты, згаданыя ў лісьце, будуць пільна правярацца.

Артыкул у «Народнай волі» суправаджаўся фатаздымкам: сьпілаваныя дрэвы ляжаць, прысыпаныя сьнегам, — відавочна, павалены ўжо даўно. Сьпілоўваньне дрэваў у пушчы дапушчальнае з прычыны цяжкой паразы, выяўленай ува усіх лясох Эўропы: жучок-караед зьнішчае зялёнае покрыва плянэты. Дзеля барацьбы зь ім адмыслоўцы рэкамэндуюць высякаць хворыя дрэвы й некалькі суседніх зь імі. Але галоўнай умоваю гэткай тэхналёгіі барацьбы з караедам ёсьць хуткі вываз хворых сьсечаных дрэваў і адначасовае ўжываньне яшчэ некаторых зьберагальных мэтодаў. Здымак жа красамоўна сьведчыць пра звычайнае нядбайства: пакінуць захварэлыя дрэвы там, дзе іх сьпілавалі, — значыць культываваць караеда.

Гэты факт Аляксандар Рачэўскі, кіраўнік аддзелу міжнароднай супрацы Міністэрства прыроды, азначыў як «вопиющее безобразие». І падкрэсьліў: усё, напісанае ў артыкуле, ня можа застацца без увагі дзяржаўных структураў, якія адказваюць за ахову прыроды й навакольля Беларусі.

Але ж аніякай дасьведчанасьці пра тое, што насамрэч адбываецца ў Нацыянальным парку Беларусі — Белавескай пушчы, чыноўнікі не паказалі. І сп. Рачэўскі, і сп. Юшкевіч — намесьнік старшыні Камлясгасу, цьвердзяць адно: факты маюць аналізавацца.

Гаворыць сп.Рачэўскі.
А.Р.: — В связи с проблемой короеда, Министерством природы были разрешены сплошные санитарные вырубки в Беловежской пуще. Но поднялась общественность, и в Национальный парк была направлена специальная комиссия — ею были выработаны рекомендации по корректной борьбе с короедом. Выполняются ли эти рекомендации, мы не знаем — они выработаны только в октябре. Сейчас, недавно, вышел министр из отпуска: скорее всего, будут выработаны какие-то решения и проведена проверка. Конечно, мы не можем оставить без внимания подобные обвинения.

У зьвязку са зьвінавачаньнямі кіраўніцтва пушчы за перасяганьне памераў патрэбных высечак лесу, сп. Рачэўскі паведаміў гэткі факт: швэдзкія навукоўцы, прыкладам, лічаць за адзіны сродак барацьбы з караедам высечкі хворых дрэваў плюс 40% навакольнага лесу — каб сапраўды прыпыніць пошасьць.

Але ж варта зазначыць, што Белавеская пушча — ня просты лес, а Нацыянальны парк, занесены ў сьпіс усясьветнай спадчыны ЮНЭСКА. Паводле сп. Казулькі, эўрапэйская традыцыя запаведных лясоў катэгарычна іншая: на ахаваных тэрыторыях Эўропы высечкі ня робяцца наагул — дзеля зьберажэньня біялягічнай разнастайнасьці. І прырода самастойна дае рады ў барацьбе за сябе. Аднак жа адміністрацыяй Белавескай пушчы эўрапэйскі досьвед быў праігнараваны.

Тым часам напрыканцы студзеня ў аддзеле прыроднай і культурнай спадчыны Рады Эўропы адбудзецца чарговае паседжаньне камісіі па выкананьні эўрапэйскімі запаведнікамі й паркамі рэкамэндацыяў Дыплёму Рады Эўропы. Гэткі дыплём мае й Белавеская пушча, але беларуская грамадзкасьць патрабуе перагледзець рашэньне аб статусе запаведніка й занесьці яго ў іншы сьпіс — помнікаў усясьветнай спадчыны, якім пагражае вынішчэньне.