Алекса

Тварэнне рук яго — Белая вежа

Мiхась ЯНОВIЧ
«Народная Воля»
№29
14.02.2002

Энцыклапедыя «Народнай волi» «Духоўны скарб», выпуск №36

Князь Уладзiмiр Васiлькавiч выклiкаў Алексу да сябе. Па праўдзе кажучы, гэтыя выклiкi для яго, лепшага дойлiда Валынскага княства, сталi звыклымi. Калi ўзнiкала нейкая важная справа, да думкi Алексы прыслухоўвалiся. Звычайна яго меркаванне хацелi мець наконт мiрных пачынанняў. Да паходаў Алекса вялiкай цiкавасцi не праяўляў, ваенныя сутычкi яго не вельмi прыцягвалi. А майстэрствам праславiўся яшчэ пры Уладзiмiравым бацьку, валынскiм князi Васiльку Раманавiчу.

Княства ўмацоўвалася. I за кошт захопу чужых зямель, i шляхам упарадкавання ўласных ўладанняў. I гарады Алекса будаваў, i крэпасцi ўзводзiў. Меў талент да гэтага. Васiлька Раманавiч увогуле быў чалавекам разважлiвым. Перш чым за якое пачынанне ўзяцца, загадзя абдумваў магчымыя вынiкi, iмкнуўся ўгадаць самыя нечаканыя дробязi, што маглi ўзнiкнуць пасля. I, канечне ж, не цярпеў спеху, калi трэба было пабудаваць новы горад цi закласцi ў глухiм, непрыступным месцы крэпасць.

Зусiм iншым па характары быў Уладзiмiр Васiлькавiч, хоць вялiкiх ваенных задаткаў не меў. Гэта заўважалi не толькi ворагi, але i тыя, хто знаходзiўся з iм побач. Найчасцей у самы адказны момант пачынаў выгадваць, хiтраваць, а гэта паплечнiкам не падабалася.

I Алекса ведаў, што яго князь не заўсёды рашучы ў дзеяннях. Ведаў, але маўчаў. Як i ўсе маўчалi, бо так, безумоўна, было лепш. Звычайную абачлiвасць праяўлялi. I калi Уладзiмiр Васiлькавiч раiўся аб чым-небудзь з iм, дык пярэчыць асаблiва не збiраўся. Хоць, калi з нечым цалкам не пагаджаўся, асцярожненька спрабаваў уласную думку давесцi. Спакваля падводзiў да таго, што сказаць хацеў. I звычайна гэта ўдавалася. Нездарма ж у князевым акружэннi ўсе празвалi галоўнага дойлiда «муж хитр». Хоць не столькi той хiтрасцi меў (пра яе нагадвае Галiцка-Валынскi летапiс), колькi жыццё навучыла знаходзiць выйсце з самых складаных сiтуацый.

Гэтым разам Уладзiмiр Васiлькавiч выклiкаў Алексу самым ранкам. I нечым быў вельмi ўзрушаны. Гэта Алекса заўважыў, ледзь увайшоў у князевы пакоi. Сабраўся пакланiцца, але Уладзiмiр Васiлькавiч адразу пачаў пра галоўнае:
— Сон надоечы мне, Алекса, дзiўны прыснiўся…
Чакае Алекса самага галоўнага. А Уладзiмiр Васiлькавiч:
— Сам Госпад наш са мной сёння ў сне размаўляў…
— Добры Боскi знак гэта, княжа! — прамовiў Алекса.
Уладзiмiр Васiлькавiч быццам i не пачуў. Нiбыта адзiн у пакоях знаходзiўся.
— «И посем вложи Бог во сердце мысль благу… Нача собь доумати, абы где за Берестьемь поставити город». (Цытата з Галiцка-Валынскага летапiсу. — М.Я.)
Тут ужо Алексу сапраўдная цiкаўнасць узяла:
— Горад паставiць, кажаш, княжа?
— Не я кажу. Не я… Сам Усявышнi падказвае мне. Паспеў я ўжо ў розныя кнiгi прарочыя паглядзець…
Пры гэтых словах заўважыў Алекса, што i сапраўды на стале ў князя ляжыць некалькi кнiг у дарагiх пераплётах.
— Пагартаў я кнiгi, Алекса, i зразумеў: гэта ж голас Боскi мне раiць, як княства ад захопнiкаў уратаваць. Межы яго як умацаваць. Невыпадкова за Бярэсцем горад трэба ставiць. Там, дзе i знаходзяцца землi, мною адваяваныя. Нашы землi. Так што збiрайся, Алекса, у дарогу. I надоўга справу не адкладвай. Не сёння, дык заўтра, каб усё гатова было. I лодкi, i людзi…
Хацеў Алекса запытацца, цi не збiраецца i сам князь плыць, каб шукаць прыдатнае месца для будучага горада. Але Уладзiмiр Васiлькавiч адразу ўсё патлумачыў:
— Мне цяпер плыць з вамi нiяк не выпадае. I так спраў хапае. Вось калi падшукаеце месца, дзе лепей горад будаваць, тады i я пагляджу. А цi мне цябе, Алекса, вучыць, дзе лепей горад будаваць, крэпасць ставiць? Адно ведай: будаваць будзем на левым беразе Лясной.
Канечне, тут вучыць Алексу не трэба было. Колькi разоў яшчэ з Васiлькам Раманавiчам шукаў ён мясцiны, прыдатныя для ўзвядзення ўмацаванняў. Ды i з Уладзiмiрам Васiлькавiчам неаднойчы ў дарогу збiраўся. Пераканаўся Алекса: заўсёды лепей, калi з некалькiх варыянтаў выбраць найбольш прымальны. Таму i плылi яны па Лясной не дзень i не два. Сёй-той са спадарожнiкаў, бывала, не вытрымлiваў, паказваў на левы бераг ракi:
— Чым не месца, Алекса?
Ён прыслухоўваўся да кожнай парады, не лiчыў лiшнiм спынiцца на сярэдзiне ракi, агледзець наваколле. Часам i прычальвалi да берага, выбiралiся з лодак, уважлiва вывучалi мясцовасць. Толькi ўсё здавалася Алексу, што трэба яшчэ лепшае месца пашукаць.
Цяпер жа сумнявацца не даводзiлася: днi шуканняў не аказалiся марнымi. Бераг што трэба! Не падступiцца! Як тая крэпасць! Цяпер што, узбяруцца, неяк, а вось пасля, калi горад з'явiцца, нiякаму чужынцу не дабрацца да яго сцен.
— Тут i спынiмся! — яшчэ раз акiнуўшы позiркам наваколле сказаў Алекса.

Падарожнiкi даўно чакалi гэтых слоў, бо здагадвалiся, што нарэшце настаў канец доўгай, а ў чымсьцi i тлумнай дарозе. Трэба было паспяшацца, каб размясцiцца, пакуль сцямнее. А размясцiўшыся, вялiкага агню не раскладвалi. Ды i доўга не сядзелi ля яго, бо вельмi стамiлiся. Праз некалькi мiнут засталiся толькi тыя, каму выпала гэтым разам несцi начную вахту. Аднак i Алексу не спалася. Устаў, падышоў да вартавых, перакiнуўся з iмi словамi. А пасля падсеў да цяпельца, якое гатова было зусiм пагаснуць. Сухастою не падкiдваў, бо i так было цёпла — ускiнуў на плечы мядзведжую шкуру.

Не сумняваўся, што месца для будучай крэпасцi Уладзiмiру Васiлькавiчу спадабаецца. Дабярэцца сюды князь — абавязкова скажа: «Быць гораду! Крэпасцi быць!». Скажа — i адразу ж яму, Алексу, рукi развяжа. Даверыцца цалкам яго вопыту, майстэрству. Толькi дадасць: «Глядзi, Алекса, каб такой моцнай i непрыступнай крэпасцi больш нiдзе не стаяла! Зразумеў". А ён князя i так даўно разумее. I аднаго хоча, каб паразуменне памiж iмi нiколi не скончылася. Бо ў рэшце рэшт за гэтым паразуменнем i даверам не толькi лёс iх абодвух. Адыходзяць князi, вось ужо i Васiлькi Раманавiча не стала. Не вечны на зямлi i Уладзiмiр…

Алекса ажно жахнуўся, што падобная думка ў галаву прыйшла. Жахнуўся i супакоiўся… Чаго-чаго, а смерцi нiкому не мiнаваць. I яму самому… А памяць пра сябе пакiнуць трэба, ды такую, каб на стагоддзi. Таму i неабходна пастарацца, каб гэтая яго чарговая крэпасць, узведзеная на беразе ракi Лясной, захавала ў сабе частку гэтай памяцi. Канечне, i камянi — не вечныя. Колькi будаваў ён, Алекса, i ў маладосцi, i ў сталыя гады, а глядзiш — цi многае збераглося? Разбурылi, зруйнавалi чужынцы. Дзе скрышылi ў час аблогаў, дзе спалiлi. Гэта ж толькi на выгляд цэгла трывалая, моцная, а шугане полымя да нябёсаў — плавiцца пачынае. I камень крышыцца. Каб жа лёс гэтага новага горада, узвядзенне якога яшчэ наперадзе, iншым аказаўся?! Каб жа стаяў ён i стаяў на зямлi!

Здзiўляўся Алекса самому сабе… Здзiўляўся, што падобныя думкi яму ў галаву нiколi раней не прыходзiлi. Але чым больш здзiўляўся, тым мацней пераконваўся, што, калi разабрацца, у гэтым нiчога дзiўнага. Не пра сябе дбае ён. Не пра сваю памяць i не пра памяць князёў валынскiх — Васiльку Раманавiча i Уладзiмiра Васiлькавiча, а пра гонар зямлi роднай. Той зямлi, на якой пашчасцiла яму нарадзiцца, i зямлi, на якой выпала будаваць.

З гэтымi думкамi i лёг Алекса i надзiва хутка заснуў. I хоць падняўся рана, адчуваў сябе лёгка, упэўнена. Твар па-маладому свяцiўся, хацелася жартаваць. Але больш жадалася як мага хутчэй прыступiць да працы, таму i загадаў, не марудзячы, збiрацца ў зваротную дарогу…

***

Якiх-небудзь больш-менш дакладных бiяграфiчных звестак пра дойлiда Алексу не захавалася. Тое, што дайшло да нас, пазначана асобнымi скупымi радкамi Галiцка-Валынскага летапiсу, але гэта тычыцца не жыцця i дзейнасцi самога Алексы, а таго, як князь Уладзiмiр Васiлькавiч пасля незвычайнага сну «нача искати места падобна абы где поставить город си». I далей: «и посла Володомирг моужа хитца именемь Алексу, иже и при отци его многы города роуби и посла его Володимер з тоземци в челнох в верхъ реки Лосны абы знаити таков место город поставити».

А калi Алекса вярнуўся з добрымi весткамi, «князь же самь еха с бояры и слоугами и оулюби место то надо берегом реки Лосны». I сведчыць летапiс пра самае галоўнае: «и потом сроуби на нем город и нареч имя емоу Каменецъ зане бы зямля камена».

А вось сама крэпасць-вежа, якая захавалася да нашых дзён, многае можа паведаць. I найперш аб тым, якiм вялiкiм майстэрствам валодалi тагачасныя будаўнiкi, i ў першую чаргу, вядома, дойлiд Алекса. Маецца на ўвазе добра вядомая i за межамi нашай дзяржавы Камянецкая, цi, як яе часцей называюць, Белая вежа — цудоўны помнiк беларускага абарончага дойлiдства другой паловы XIII стагоддзя.

Унiкальнасць помнiка i ў тым, што ён цяпер з'яўляецца адзiнай цэлай пабудовай з шэрагу так званых валынскiх вежаў, якiя некалi былi ўзведзены ў многiх гарадах на поўднi Беларусi, у тым лiку i ў Бярэсцi. Карыстаючыся навуковым тэрмiнам, гэта — вежа-данжон. Iх будавалi з дрэва, каменя i цэглы. У Камянцы ж — недзе памiж 1276—1288 гадамi. Калi прыняць пад увагу, што гэта «столп камен высотою 17 сажен», будавалi вельмi хутка. Хоць трэба было расчысцiць пляцоўку, павалiўшы векавыя дрэвы, зрабiць падмурак. А ён — трывалы, магутны — з булыгi, перасыпанай дробным рачным пяском. Сёння вышынёй каля 2,3 м, а вонкавы дыяметр прыкладна 16 м.

На падмурку месцiцца пяцiяруснае круглае збудаванне. Сучасныя даследчыкi вызначаюць яго «рост» да 30,15 м (з пагрэшнасцю ў большы цi меншы бок 5 см), а гэта i адпавядае названым летапiсцам 17 сажням, калi прытрымлiвацца, што сажня, як было часцей, адпавядала 177 см.

Вонкавы дыяметр вежы — 13,5 м, таўшчыня сцен — 2,5 м. Вежа дзялiлася на пяць ярусаў, якiя ўтваралi паверхi-памяшканнi, а плошча iх была каля 30 кв.м. Унутры знаходзiлася драўляная лесвiца. З трэцяга паверха вяла яшчэ i цагляная, што як бы «прарэзвалася» ў самой сцяне. Па ёй можна забрацца на самы верх, на так званы баявы праход. Верх прыкрыты 14 зубцамi, каб абаронцы маглi лепш арыентавацца пры асадзе. У сцяне прарэзаны спецыяльныя байнiцы. Вежа цудоўна адпавядала свайму асноўнаму прызначэнню — была разлiчана на доўгую аблогу. Аднак Алекса, паколькi быў чалавекам творчым, выкарыстаў у аздабленнi дэкаратыўна-пластычны элемент.

На самым завяршэннi — свайго роду зубчастая стужка. Чатыры рады цаглiн пакладзены на вугал i пераклiкаюцца… Нават паверыць цяжка: з арнаментальнымi матывамi народнай вышыўкi i ткацтва. I ўвогуле, хоць знешне вежа глядзiцца строга манументальна, непрыступна, па словах М.Ткачова, «разам з тым яна не пазбаўлена дэкору. Гэта дасягаецца лёгкiмi рысамi раннегатычных архiтэктурных форм: спiчастымi праёмамi i вокнамi з трохлопасцевым завяршэннем, архiвольтам аркi дзвярнога праёму ў чацвёртым ярусе, нервюрнымi скляпеннямi на «гiрках». Яны тонка прарысоўваюцца на магутным целе збудавання разам з паўцыркулярнымi аркамi плоскiх нiшаў i байнiц, характэрных для раманскай архiтэктуры».

Шмат падзей праняслося над вежай. Не мiнулi лiхалеццi i сам Камянец, але моцныя сцены вытрымлiвалi шматлiкiя аблогi. У 1903 годзе па праекце архiтэктара В.Суслава давялося праводзiць рэстаўрацыю. У тым жа годзе з'явiлася i кнiга П.Карцава «Белавежская пушча», аўтар якой памылкова сцвярджаў, што гэты помнiк знаходзiцца на рацэ Белай. Вiдаць, з таго часу i пачалi вежу называць Белай. Назва гэтая настолькi прыжылася, што выкарыстоўваецца i сёння. Хоць правiльней казаць Камянецкая вежа.

Камянецкая вежа, узведзеная дойлiдам Алексам… З 1960 года ў ёй знаходзiцца фiлiял Брэсцкага абласнога краязнаўчага музея.

Пра галоўнае збудаванне Алексы можна прачытаць:
П.Карцев. Беловежская пуща. Спб., 1903.
М.Ткачоў. Абаронныя збудаваннi заходнiх зямель Беларусi XIII—XVIII стст. Мн., 1978.