САМЫ СТАРЫ ЛЕС ЕЎРОПЫ

Святлана МАКАРАВА
«Звязда»
№ 185
08.09.2001

Вячаслаў Семакоў знаёмiў з Белавежскай пушчай кiраўнiкоў дзяржаў, мiнiстраў, вядомых дзеячаў культуры…

I да сённяшняга дня, калi нацыянальны парк наведваюць высокапастаўленыя госцi, у паездцы па iм iх па-ранейшаму нярэдка суправаджае Вячаслаў Васiльевiч. Усё жыццё прысвяцiў ён вывучэнню прыроды. Больш як дзесяць гадоў прапрацаваў у Белавежскай пушчы. Быў намеснiкам дырэктара нацыянальнага парка па навуковай рабоце. Сёння Вячаслаў Семакоў — госць нашай рэдакцыi.

— Вячаслаў Васiльевiч, у чым жа унiкальнасць Белавежскай пушчы?

— Гэта самы стары лес Еўропы. Старэйшага за Белавежскую пушчу няма. Яна захавалася праз трынаццаць тысячагоддзяў. Высечаны Булонскi, Шэрвудскi, Мурамскiя лясы… Там няма ўжо тых карэнных парод дрэў.

Белавежская пушча ўваходзiць у рэестр ста трох прыродных аб„ектаў, якiя не маюць аналагаў у свеце. Тут не пасаджана нiводнага дрэўца. Iнакш мы проста не атрымалi б такой колькасцi дыпломаў, якiя маем сёння. З 1992 года запаветная зона Дзяржаўнага нацыянальнага парка «Белавежская пушча» ўключана ў спiс Сусветнай спадчыны чалавецтва (рашэннем ЮНЕСКО Нацыянальнаму парку прысвоены статус бiясфернага запаведнiка).

— Як удалося захаваць такую багатую спадчыну?

— Нiколi простыя смяротныя не мелi права iсцi ў Белавежскую пушчу нi па дровы, нi на паляванне. Пушчай валодалi лiтоўскiя князi, польскiя каралi, рускiя цары. У бытнасць Савецкага Саюза яна была вотчынай генеральных сакратароў. Турыстам, якiя наведвалiся сюды, паказвалi толькi мясцовы музей ды вальеры з жывёламi. Толькi шэсць гадоў таму з дазволу прэзiдэнта Беларусi Аляксандра Лукашэнкi Белавежскую пушчу адкрылi для наведвальнiкаў, пачалi арганiзоўваць экскурсii.

— Шчыра кажучы, праехаўшы па вашых лясах, я была ўражаная не толькi прыродай, але i тымi цудоўнымi афсальтаванымi дарогамi, якiя пралеглi праз усю Белавежскую пушчу.

— Ужо амаль сорак гадоў я знаёмы з Васiлём Пясковым. Паводле яго слоў, толькi адзiн нацыянальны парк на тэрыторыi былога СССР адпавядае сусветным стандартам — Белавежская пушча. Тут выдатныя дарогi, гасцiнiчныя комплексы, iнфраструктура… Ёсць у нас нават цудоўная ўласная дарожная служба, машыны, абсталяванне. Так што Белавежскую пушчу ведае ўвесь свет, людзi па-ранейшаму наведваюць яе. Як нi дзiўна, акрамя беларусаў.

— ?

— Так, нашы землякi тут не такiя частыя госцi. Мабыць, лiчаць, што, маўляў, асаблiвага ў гэтых лясах. Але ж у Белавежскай пушчы ёсць куточкi, дзе фактычна нiколi i нарыхтошчыкi не паяўлялiся. Нi англiйскiя, нi нямецкiя, нi нашы. На эталонны лес едуць паглядзець навуковыя супрацоўнiкi з усяго свету.

— Вы хочаце сказаць, што былi часы, калi дрэвы актыўна высякалiся?

— У першую сусветную вайну немцамi была пабудавана ў Белавежскай пушчы вузкакалейка, якая праiснавала яшчэ доўгiя гады. Лес вывозiўся ў Еўропу. Напамiнам аб тых часах па сённяшнi дзень служаць вялiкiя паляны, дзе штабялямi вышынёй да чатырох метраў складзiравалiся ссечаныя дрэвы. Пры iх пагрузцы на платформы кара асыпалася i тоўстым слоем усцiлала зямлю. Але ў кары ўтрымлiваюцца шкодныя рэчывы (прадукты другаснага абмену), якiя вымывалiся дажджамi i талымi водамi ў глебу, робячы яе на доўгiя гады непрыгоднай для росту раслiн. Такiя паляны пакрыты сёння толькi травой.

— Гэта значыць нават прырода захоўвае сваю гiсторыю?

— Так. Дарэчы, я неяк расказаў гэтую гiсторыю гасцям з Германii. Адзiн немец, слухаючы мяне, уважлiва ўнiкаў ва ўсе тонкасцi, а прыехаўшы праз год зноў у Белавежскую пушчу, падзялiўся са мной, што стаў… мiльянерам. Аказваецца, ён запатэнтаваў iдэю з карой. Дрэваапрацоўчыя прадпрыемствы з радасцю пастаўлялi яе камерсанту, пазбаўляючыся ад непатрэбнай сыравiны. Усё астатняе — справа тэхнiкi. Дабаўляючы ў здробненую кару здробненую цэглу цi вапну, прадукт пачалi прадаваць. У залежнасцi ад якасцi глебы людзi набывалi тую цi iншую ўпакоўку. Сёння кара выкарыстоўваецца ва ўсiх парках свету, дазваляючы не трацiць сродкi на дадатковую праполку.

— Гледзячы на гiганцкiя сосны i дубы, можна меркаваць, што гiсторыя была прыхiльная да Белавежскай пушчы?

— Нават у гады Вялiкай Айчыннай яе абмiнула ваеннае лiхалецце. Па ўказанню Германа Герынга Белавежскую пушчу, якой адводзiлася роля паляўнiчай гаспадаркi рэйха, ахоўвала нямецкая дывiзiя «Штутгарт». Таму ваенныя дзеяннi тут не вялiся. Праўда, у сорак першым сюды паспрабавалi пранiкнуць партызаны, але з вялiкiмi стратамi iм давялося пакiнуць гэтыя лясы.

— Сiмвал Белавежскай пушчы — зубр. Колькi iх сёння ў Беларусi?

— Па колькасцi зуброў наша краiна абсалютны чэмпiён у свеце. У Беларусi iх налiчваецца каля пяцiсот. Толькi ў Белавежскай пушчы зуброў каля трохсот. Перасяляем iх у Налiбоцкую пушчу, Бярэзiнскi бiясферны запаведнiк, iншыя беларускiя рэгiёны. Шукаем пакупнiкоў за мяжой. Некаторыя жывёлы мiгрыруюць самi. Так ужо закладзена ў зуброў прыродай: калi самец становiцца дарослым, ён iдзе ствараць новы статак. Як заснавальнiк, вытворнiк. Узначальвае ж статак у зуброў самка. Часам жывёлы дасягаюць Прыбалтыкi. У iх iнстынкт такi — iсцi ў пэўны бок, на поўнач.

— А як вы лiчыце пагалоўе?

— З надыходам восенi зубры збiраюцца ў статкi. Нашы навуковыя супрацоўнiкi падыходзяць да iх i пералiчваюць. Жывёлы спакойна падпускаюць да сябе людзей на адлегласць да 30 метраў. Зубр нiколi не нападзе на чалавека. Часам для абароны малыша самка можа толькi зымiтаваць атаку.

— I што, нават пазнаяце жывёл?

— Так, гледзячы вочы ў вочы.

— З рук кармiць не спрабавалi?

— Неяк нарадзiлася ў нас у вальеры зубраня. Я прымаў роды. Адбылося гэта ў дзень святога Георгiя, таму назвалi малыша Георгiем. Калi зубраня падрасло, мы перавялi яго з вальера ў статак. Сабраты прынялi Георгiя з першага дня. Але прывычка браць у турыстаў ежу з рук у яго засталася. Зубр выходзiў са статка да экскурсантаў ды яшчэ галавой патрабавальна кiваў. А месяцы праз два-тры да яго далучылася яшчэ пара «жабракоў".

— Белавежская пушча заўсёды прыцягвала моцных гэтага свету….

— Сюды часта наведвалiся Мiкiта Хрушчоў, Леанiд Брэжнеў, маршалы СССР, вядомыя касманаўты, прыязджаў на паляванне Пётр Машэраў…

— Кажуць, многiя i страляць толкам не ўмелi?

— Усё гэта байкi. Выдатнымi стралкамi былi i Хрушчоў, i Брэжнеў, i Машэраў… Нiхто высокiм гасцям не падстаўляў жывёл, як мiшэнi. Напрыклад, толькi за адну ноч у свой першы прыезд у Белавежскую пушчу Леанiд Брэжнеў забiў пятнаццаць дзiкоў.

Праўда, некаторыя паляўнiчыя iншы раз дазвалялi сабе браканьернiчаць — страляць у святле фар.

Сапраўднае спартыўнае паляванне любiў Мiкiта Хрушчоў. Стралкi станавiлiся ў шарэнгу на адлегласцi сто метраў адзiн ад аднаго. Але першы стрэл заўсёды заставаўся за Мiкiтам Сяргеевiчам. Маршалы больш цiкавiлiся качкамi.

— А цяперашнiя кiраўнiкi?

— Сёння часы памянялiся, захапленне паляваннем не настолькi прэстыжнае, як раней. Кiраўнiкi дзяржаў больш захапляюцца спортам.

— Вячаслаў Васiльевiч, чуў, што вам даводзiлася знаёмiць з Белавежскай пушчай прэзiдэнтаў краiн, мiнiстраў… Хто найбольш запомнiўся?

— Расiйскi спiкер верхняй палаты Ягор Строеў. Ён вельмi разумны i цiкавы чалавек, бiёлаг па адукацыi, доктар навук. Пасля наведвання пушчы ён вырашыў стварыць у сябе на радзiме ў Арлоўскай вобласцi нацыянальны парк «Арлоўскае Палессе». Памятаю, тая экскурсiя замест дзвюх належных гадзiн доўжылася ўсе чатыры. Ужо непакоiлася ахова. Для ўвасаблення iдэi ў жыццё Ягор Сямёнавiч купiў зубра, аленяў, дзiкоў i дзесяць лебедзяў.

Цiкава было сустрэцца з мiтрапалiтам Мiнскiм i Слуцкiм Фiларэтам, Патрыяршым Экзархам усяе Беларусi. Вельмi эрудзiраваны, цудоўны чалавек. Запомнiлася экскурсiя з народным артыстам СССР Мiкалаем Яроменкам-старэйшым. Пасля яе ён сказаў мне: «Дарагi вы мой! Гавару вам як акцёр акцёру: вы дасягнулi той ступенi акцёрскага майстэрства, за якой заканчваецца гульня i пачынаецца артыстызм. Вам цяпер падуладнае ўсё…". А потым, перайшоўшы на «ты», пад апладысменты прысутных у аўтобусе расцалаваў мяне. На памяць аб той сустрэчы засталася ў мяне падораная Мiкалаем Яроменкам кнiга, якая выйшла да яго 70-годдзя.

Цiкава было, калi сваiмi ўражаннямi ад наведвання Белавежскай пушчы дзялiўся мiнiстр абароны Кiтая. Пакiдаючы тады запiс у кнiзе водгукаў нашага музея, госць напiсаў штосьцi незразумелымi для нас iероглiфамi, а потым, павярнуўшыся да суправаджальнага, спытаў: «Сяо цi!». Той адказаў: «Цi». I генерал яшчэ адну мудрагелiстую палачку ў кнiзе паставiў.

А ўвогуле прыходзiлася знаёмiць з Белавежскай пушчай i прэзiдэнта Беларусi Аляксандра Лукашэнку, i прэзiдэнта Украiны Леанiда Кучму, iншых дзяржаўных дзеячаў.

Сёння i простыя людзi прыязджаюць адпачываць у пушчу. Адначасова мы можам прыняць каля двухсот чалавек. Ёсць i тры элiтныя катэджы побач з урадавай рэзiдэнцыяй «Вiскулi». Для багатых наведвальнiкаў кошт пражывання ў кожным з iх вагаецца ў межах сямiсот долараў.

— I ёсць жадаючыя?

— Так. Бо Вiскулi — гэта яшчэ i гiсторыя. Тут развалiлi СССР. Пасля лёсавызначальнай сустрэчы нам прыходзiлi сотнi тэлеграм. Тэкст быў прыблiзна аднолькавы: «Куды вы глядзелi!».

Перад Алiмпiядай у Сiднеi ў раёне Вiскулёў месяц трэнiравалiся беларускiя лёгкаатлеты — у Белавежскай пушчы спрыяльныя для гэтага прыродныя ўмовы. Хоць вынiкi нашых спартсменаў маглi б быць i лепшыя, калi б такiя трэнiроўкi праходзiлi дзе-небудзь ля мора — ва ўмовах, блiзкiх да Сiднея. Дарэчы, расiяне так i зрабiлi — павезлi сваю зборную ва Уладзiвасток.

— Але ж Беларуская пушча — гэта яшчэ i азёры?

— Адно з нашых азёр нават знята на плёнку для цэнтра падрыхтоўкi касманаўтаў у Зорным гарадку. Сузiранне воднай гладзi супакойвае нервовую сiстэму. Таму ў час адпачынку пасля трэнiровак касманаўтам паказваюць каляровыя слайды з нашымi цудоўнымi вадаёмамi.

— Вячаслаў Васiльевiч, а як нарадзiлася песня «Белавежская пушча», якая стала гiмнам нацыянальнага парку?

— Словы Аляксандр Дабранраваў напiсаў, пабываўшы ў нас. Сёння гэтая песня не толькi гiмн запаведнiка, але i своеасаблiвая вiзiтная картка Беларусi.

— У час экскурсii да шматвекавога дуба вы ўпамянулi нямецкiх лесарубаў…

— Так, была такая гiсторыя. Прыехалi неяк у пушчу дваццаць два ветэраны-лесарубы. На адзiнаццацi джыпах. Усё жыццё яны марылi паглядзець на беларускiх волатаў. I вось, паматаўшыся па многiх краiнах, нарэшце апынулiся ў сiнявокай. Убачыўшы двухметровы ў дыяметры i амаль трыццацiметровы ў вышыню дуб, немцы ахнулi i спыталi, цi ведаю я яму цану. Паглядзеўшы на пальмападобную, без сучкоў, крону дуба, я шчыра прызнаўся, што не. I госцi ў адзiн голас дружна выдыхнулi: «Мiльён марак». Заўважу, гэта толькi кошт драўнiны. Разразаючы гiганцкi ствол на пласцiны, з яго робяць стальнiцы. Каштуюць яны вельмi дорага, таму што дзвюх аднолькавых стальнiц вы не сустрэнеце ў свеце — зрэзы мяняюць сваю канфiгурацыю. А сесцi за такiм сталом могуць дзесяць чалавек.

— Гэта значыць, што ў Беларусi ёсць чым здзiвiць iншаземцаў?

— Вядома ж. Прыязджаюць яны ў Белавежскую пушчу i папаляваць.

— Можа, i на зуброў?

— Штогод мы адстрэльваем да пяцi зубраў. Як правiла, гэта ўжо старыя жывёлы. Шкада губляць тону мяса. Лiцэнзiю на адстрэл выдаём iншаземцам. Па вялiкаму рахунку, у нашых землякоў на гэта няма грошай.

— I колькi каштуе такая лiцэнзiя. Цi гэта камерцыйная тайна?

— Асаблiвых сакрэтаў няма. Iснуюць сусветныя каталогi, якiх мы i прытрымлiваемся. Трафейная якасць вызначаецца па спецыяльных параметрах — даўжынi рога, выгiну, вазе чэрапа… У залежнасцi ад таго, наколькi жывёла адпавядае сусветным стандартам, яно цягне на «золата», «серабро», «бронзу"… Адпаведна вагаюцца i цэны на адстрэл — ад шасцi да пятнаццацi тысяч долараў. У якасцi трафею паляўнiчыя забiраюць галаву жывёлы.

Ходзяць на зуброў немцы i аўстрыйцы. Як правiла, гэта буйныя бiзнесмены, вельмi добрыя стралкi. Некаторыя з„яўляюцца прадстаўнiкамi элiтных клубаў i бяруць з сабой на паляванне толькi адзiн патрон. Неяк у адказ на наша захапленне трапнасцю стралка немец пажартаваў: маўляў, у яго на радзiме ўжо ствараюцца суперэлiтныя клубы, члены якiх бяруць на паляванне два патроны: у выпадку промаху другi прызначаны для самога стралка.

— А браканьеры да вас часта заглядваюць?

— Вельмi рэдка. На маёй памяцi толькi два такiя выпадкi. У Белавежскай пушчы добрая ахова, аснашчаная радыёстанцыямi «Матарола», прыборамi начнога бачання, узброеная карабiнамi… Я не раiў бы браканьерам лезцi да нас.

— Чула, быццам у вашых лясах нельга збiраць нават грыбы?

— Цiхае паляванне дазволена адпачываючым у пушчы i супрацоўнiкам запаведнiка.

— У Белавежскай пушчы ёсць нават верталётная пляцоўка. Для чаго?

— Пабудавана яна была па ўказанню Пятра Машэрава. Аднойчы ў час адпачынку ў запаведнiку стан здароўя Пятра Мiронавiча рэзка пагоршыўся. Узнiкла неабходнасць у тэрмiновай аперацыi. Пасля гэтага выпадку ў пушчы i паявiлася верталётная пляцоўка.

— Вячаслаў Васiльевiч, а цiкавыя выпадкi, звязаныя з нацыянальным паркам, бывалi?

— Не трэба забываць, што Белавежская пушча — гэта яшчэ i гранiца. Быў час, калi на подступах да яе затрымлiвалi афра-азiятаў. Але найбольш цiкавай аказалася спроба перасекчы дзяржаўную мяжу грамадзянiнам Украiны. Зрабiўшы падкоп, ён перайшоў на польскi бок. Аднак, не ведаючы лесу, парушальнiк, паблукаўшы, зноў вярнуўся да нашай кантрольна-следавой паласы. Вырашыўшы, што за ёй, нарэшце, польскi бок, ён, зрабiў чарговы падкоп i паспяхова пераадолеў перашкоду. I ў хуткiм часе быў затрыманы беларускiмi пагранiчнiкамi.

***

Слухаць Вячаслава Семакова можна бясконца. Ён цудоўны апавядальнiк, не абдзелены пры гэтым пачуццём гумару. Яго экскурсii — гэта цiкавыя легенды, цудоўныя ўспамiны i нават вясёлыя загадкi. Калi мы спынiлiся ля дуба-волата, турысты, якiя выйшлi з аўтобуса, пачалi прымярацца: колькi чалавек спатрэбiцца, каб абхапiць волата. Вячаслаў Васiльевiч тут жа прыйшоў на дапамогу i заўважыў, што нядаўна адказ на гэтае пытанне спрабавалi даць кiтайцы i беларусы, якiя ехалi ў тургрупе. Аказваецца, першым для вырашэння задачы спатрэбiлася чатыры чалавекi, а другiм… пяць.

Не разумеючы, усе глянулi на Семакова: няўжо ў кiтайцаў рукi даўжэйшыя? «Ды не — у нашых жываты большыя», — усмiхнуўся Вячаслаў Васiльевiч. А праз хвiлiну ён зусiм сур'ёзна перасцярог, што кара шматвекавога дуба, насуперак домыслам, не лепшы прадукт для моцнай настойкi. Сiлы зусiм не прыбавiць, але сур'ёзнае захворванне зарабiць можна. Таму Вячаслаў Семакоў параiў прыязджаць да дуба па жалуды, якiя нiбыта дапамагаюць у выкананнi самых запаветных жаданняў прадстаўнiц прыгожага полу. Мужчыны, каб услужыць сваiм спадарожнiцам, тут жа глянулi сабе пад ногi. Але жалудоў на зямлi не аказалася — не сезон. А мiнулагоднiя ўжо даўно вывезены турыстамi.