Ваўкі ў “зоне”: тэлеметрычныя даследаванні драпежнікаў нечакана прыпыніліся праз 4 месяцы

интернет-сайт "Ахова птушак Бацькаўшчыны", 07.03.2018

Летась на тэрыторыі Палескага радыяцыйна-экалагічнага запаведніка, як і ў Белавежскай пушчы, з’явіліся ваўкі, за якімі “падглядваюць” вучоныя: у лістападзе супрацоўнікі грамадскай арганізацыі “Ахова птушак Бацькаўшчыны” разам з супрацоўнікамі запаведніка адлавілі і пазначылі двух ваўкоў адмысловымі каляровымі ашыйнікамі, а яшчэ аднаго – ашыйнікам з GPS-перадатчыкам, які можа дасылаць сігналы пра перамяшчэнні драпежніка. Але назіранні вымушана скончыліся.


Адзін з ваўкоў быў пазначаны ашыйнікам з GPS-перадатчыкам

Ранейшыя тэлеметрычныя даследаванні, што праводзіліся сумесна беларускімі і амерыканскімі даследчыкамі ў 2014-2017 гадах, былі ў цэнтры запаведнай зоны. Яны наглядна паказалі, што ваўкі з цэнтральнай часткі зоны не выходзяць за межы запаведніка. Гэтым разам ваўкі былі адлоўленыя і пазначаныя на перыферыі. Мэтай гэтага праекта было адсачыць перамяшчэнні ваўкоў, адлоўленых за межамі запаведнай зоны. На мяжы запаведніка ўсталявалі фотапасткі, каб сачыць, ці часта выходзяць адтуль ваўкі падчас сваіх штодзённых перасоўванняў. Цяпер мы ведаем, што частку часу яны праводзілі на запаведнай тэрыторыі, а частку – па-за ёй.

Сёння праект можна лічыць пазапланава завершаным: адзін з ваўкоў знік і не трапляе на фотапасткі, другога застрэлілі яшчэ ў канцы снежня, а трэцяга, з “разумным” ашыйнікам, смерць ад кулі напаткала 24 лютага. Прынамсі, такое паведамленне аўтаматычна адправіў перадатчык пасля доўгай адсутнасці руху.

Абодвух ваўкоў забілі практычна на адным і тым месцы, хоць і ў розны час. Нядзіва, бо яны рэгулярна прыходзілі на жывёльны могільнік за вёскай. Адзначым, што на жывёльны могільнік не мусіць быць ніякага доступу драпежным жывёлам, ёсць адмысловыя нормы, прапісаныя ў ветэрынарна-санітарных правілах. Але ў дадзеным выпадку палеглая скаціна закопвалася пад зямлю ўсяго на некалькі сантыметраў, таму і была даступная для любых драпежнікаў, што шукаюць лёгкай спажывы.

Зразумела, што ваўкі-адзінцы, якім складана здабываць ежу самастойна, карысталіся гэтым. Воўк з каляровым ашыйнікам, што быў застрэлены летась, трапляўся на “памежную” фотапастку не раз. Ён выходзіў з лесу, перасякаў дарогу і паўз вёску рушыў да жывёльнага могільніка. Воўк з перадатчыкам таксама быў там частым госцем: пра гэта сведчаць сігналы з яго каардынатамі, якія назіральнікі рэгулярна атрымлівалі.


Жывёльны могільнік з пакопамі ваўкоў

Трэба адзначыць, што такім неахайным закопваннем палеглай скаціны карыстаюцца і паляўнічыя. Побач з жывёльным могільнікам усталяваная паляўнічая вышка, дзе яны робяць засідкі: створаныя ўсе ўмовы, каб “удала папаляваць”. Дадаткова яны “для надзейнасці” выкладваюць прываду – парэшткі ската з асабістых падворкаў.


Вышка паляўнічых

Звера вабіць лёгкі пачастунак, а на “вежы” яго чакае нехта са стрэльбай. Дакладна не вядома, ці на гэтым месцы застрэлілі ваўка з перадатчыкам, ці недзе ў ваколіцах. Але факт застаецца фактам: смяротнасць ваўкоў па-за запаведнай зонай вельмі высокая. Смерць ад кулі рана ці позна чакае тут практычна кожнага ваўка, і ніякі ашыйнік не гарантуе драпежніку бяспекі.

Даследчык праекта Валеры Дамброўскі

Відавочна, што ўпарадкаванне сметнікаў і жывёльных могільнікаў каля запаведнай зоны зменшыць колькасць ваўкоў, якія наведваюць вёскі. Такая “прафілактыка” прагулак драпежнікаў ашчаджае грошы і час, якія ідуць звычайна на барацьбу з ваўком. Пакуль працэс ідзе па замкнёным коле: людзі самі “выцягваюць” ваўка за межы запаведніка лёгкадаступнай ежай, а потым скардзяцца, што драпежнікі свабодна бегаюць па населеных пунктах. У сваю чаргу, дзяржслужбоўцы паказваюць лічбы здабытых ваўкоў у пацверджанне сваёй праваты і патрабуюць яшчэ больш павялічыць колькасць іх здабычы. А паляўнічыя зноў “выцягваюць” іх з лесу і марнуюць яшчэ больш часу на паляванне.

Пра вынікі даследчыцкага праекта ў Палескім радыяцыйна-экалагічным запаведніку паведамім пасля таго, як атрымаем ашыйнік забітага ваўка і апрацуем дадзеныя з яго. А пакуль працягвай сачыць за нашым “воўчым” праектам у Белавежскай пушчы на сайце vouk.by.


Написать отзыв / комментарий / мнение на Форум сайта