У загаловак гэтага артыкула вынесены словы Віктара Дарашкевіча — выдатнага вучонага, аднаго з першых беларускіх даследчыкаý творчасці Мікалая Гусоýскага. У 1977 годзе ён напісаý навуковы артыкул, дзе прывёý шматлікія аргументы на карысць беларускага паходжання аýтара "Песні пра зубра", прычым лічыý яго сваім земляком — выхадцам з Гродзеншчыны.
Праýда, пры гэтым таленавіты вучоны прызнаваý, што паселішчаý, мясцін, рэчак пад назваю Усава, Гусаý, Уса на Беларусі і ý Літве нямала. Праз трыццаць гадоý валожынскі краязнавец Георгій Каржанеýскі правёý сваё ýласнае даследаванне, у выніку якога прыйшоý да высновы, што найбольш верагоднае месца нараджэння паэта — мястэчка ý Валожынскім раёне Мінскай вобласці (Гусава або Уса), якое злілося з вёскай Каралеýшчынай.
Імкненне даследчыкаý зрабіць Мікалая Гусоýскага сваім земляком няцяжка зразумець. Хто яшчэ з пісьменнікаý XVI стагоддзя пакідае такі глыбокі след у душы?
Ветрана стала, і яхканне гончых з-пад ветру —
Быццам дзесь побач. О, колькі страсцей і пачуццяý
Раптам абудзіць ражок паляýнічы! Як птушка,
Сэрца трапеча ý грудзях, замірае на момант,
Ловячы шум баравы, што наплывамі з кронаý
То ніспадае, то зноý уздымаецца ý неба.
(пераклад Я. Семяжона).
Кожны беларус, чытаючы гэтыя радкі, з хваляваннем успамінаý свой уласны душэýны вопыт, звязаны з наведваннем айчыннай пушчы. Чароýнай сімфоніяй лесу захапляліся мінчане і гарадзенцы, жыхары Віцебшчыны і Магілёýшчыны, берасцейцы і гамяльчане…
Працуючы ý бібліятэках і архівах Беларусі, Літвы, Польшчы, Расіі, Украіны, я паступова, крок за крокам, збірала навуковую інфармацыю, якая датычылася жыцця і творчасці Мікалая Гусоýскага. Дакументаý, якія дапамаглі б асвятліць жыццёвы шлях паэта, не захавалася. Таму найпершай крыніцай інфармацыі пра беларускага мастака слова служылі яго творы — паэмы і вершы, напісаныя старажытнай лацінай.
Распавядаючы ý "Песні пра зубра" пра гады свайго сталення, паэт даводзіць, што пад час удзелу ý паляваннях, пераследуючы звера, ён пераплываý "altum Borysthenis alveum" ("глыбокае рэчышча Барысфена" [Дняпра]). У паэзіі эпохі Рэнесансу з яе арыентацыяй на адлюстраванне "праýды жыцця" (што неаднаразова падкрэсліваý сам Мікалай Гусоýскі) канкрэтныя геаграфічныя назвы не маглі ýжывацца як паэтычныя метафары. Таму ý дадзеным выпадку сумненняý няма: Барысфен — старажытная назва Дняпра, якой карысталіся пісьменнікі з часоý антычнага географа Пталямея Александрыйскага. Значыць, паэт пісаý менавіта пра Днепр, і толькі ý басейне Дняпра можа быць лакалізавана месца яго нараджэння.
Уважлівае знаёмства з творамі Мікалая Гусоýскага, а таксама з навуковай літаратурай, прысвечанай яго жыццю і творчасці, прыводзіць да высновы, што паэт шчыра цікавіýся тымі падзеямі, якія адбываліся на гістарычных тэрыторыях не толькі Беларусі, але і Украіны. Так, у паэме "Перамога над туркамі" (1524) апісана бітва пад Церабоýлем (сёння — раённы цэнтр Цярнопальскай вобласці); святы Гіяцынт, якому прысвечана агіяграфічная паэма, надрукаваная ý 1525 годзе, некалькі год ажыццяýляý сваю місіянерскую дзейнасць на землях Украіны і Беларусі. Блізка да тэрыторыі паýночнай Украіны знаходзіцца Перамышльская зямля — дыяцэзія біскупа Яна Карнкоýскага, з якім было звязана жыццё паэта пасля прыезду з Рыма, дзе ён выконваý абавязкі сакратара пры плоцкім біскупе Эразме Цёлку. У Польшчы, але недалёка ад мяжы з сучаснай Украінай знаходзіцца таксама Шыдловец — радавы маёнтак Крыштофа Шыдлавецкага, да якога як да патрона звяртаýся паэт у выданні 1525 г. Такое супадзенне па геаграфічных паказніках ізноý прыводзіць да высновы, што шукаць радзіму Мікалая Гусоýскага трэба не ý Налібоцкай або Белавежскай пушчах, а на землях Падняпроýя.
Калі арыентавацца на назву "Ussa" (улічваючы, што апошнія свае вершы паэт падпісаý "Nicolaus Ussovius"), то на старажытных картах няцяжка знайсці раку з адпаведнай назвай, правы прыток Бярэзіны. На карце Т. Макоýскага (1613) гэта "Vs?a", на карце І. М. Пробста (1753) — "Ussa". Адпавядае ім, хутчэй за ýсё, сённяшняя Уса, якая працякае па тэрыторыі Чэрвеньскага і Бярэзінскага раёнаý. Аднак рака Уса адносіцца ýсё ж да басейна Бярэзіны, ад яе да Дняпра — даволі значная адлегласць. Да таго ж, мы не можам ігнараваць таго факта, што вялікі паэт быý у пэýным сэнсе "двуназоýным": у трох сваіх зборніках ён выступае як "Hussovianus", а ý апошніх вершах — як "Ussovius".
І толькі адно месца на Беларусі адпавядае ýсім вышэйназваным патрабаванням: блізкасць да Дняпра, блізкасць да тэрыторыі Украіны, блізкае размяшчэнне населеных пунктаý на "Hus-" і "Us-". Акрамя Ушы і Усы, вакол якіх часцей за ýсё віруюць разважанні даследчыкаý, на Беларусі ёсць яшчэ рэчка Уза, правы прыток ракі Сож; яна працякае ý Гомельскім і Буда-Кашалёýскім раёнах. У тым жа Буда-Кашалёýскім раёне ёсць мястэчкі Уза і Гусевіца (на карце РУП "Белкартография" 2003 г. — Старая Гусевіца). Адсюль, сапраýды, дастаткова недалёка да Дняпра (ад Старой Гусевіцы — 25 км; у многіх месцах паміж рэчкай Узою і Дняпром — не больш за 20 км). Такая адлегласць магла ý рэальнасці складаць даýжыню паляýнічага пераходу, тым больш для конных паляýнічых.
Паказальна і тое, што Мікалай Гусоýскі дае ý "Песні пра зубра" выразную характарыстыку роднай зямлі: Зямля, багатая пладамі, якой дастаткова нязначнай працы, напаýняе шчодрыя палі дабрадатнымі ýраджаямі... (Тут і далей пераклад з лацінскай мовы мой — аýт.)
Падкрэслю зноý: у творы паэта эпохі Рэнесансу падобнае апісанне нельга ýспрымаць як паэтычную ідэалізацыю. Працытаваныя ж радкі з паэмы Мікалая Гусоýскага, паводле апісаных кліматычных умоý, выглядаюць як характарыстыка не беларускага Панямоння, а беларускага Падняпроýя.
Такім чынам, з вялікай доляй верагоднасці месца нараджэння Мікалая Гусоýскага лакалізуецца ý Буда-Кашалёýскім раёне. З’яýленне зычнага "з" у назве ракі і мястэчка (Уза) не пярэчыць, а нават адпавядае лацінскаму саманазову паэта "Ussovius": згодна з граматыкай лацінскай мовы, літара "s" у становішчы паміж галоснымі вымаýляецца як [з]. Так што "Ussovius" па-беларуску — гэта, хутчэй, "Узоýскі", а не "Усоýскі".
Што да арэалу распаýсюджання зуброý, то, зыходзячы з твораý тагачаснага пісьменства, у XVI ст. ён быý намнога шырэйшым у параýнанні з сённяшнім. Міхал Літвін у трактаце "Пра звычаі татараý, літвінаý і маскоýцаý", які быý напісаны да 1550 года, распавядаючы пра кіеýскую зямлю, адзначаý: "…На Барысфене і на іншых рэках, якія ý яго ýпадаюць, ёсць нямала шматлюдных гарадоý, багата вёсак, жыхары якіх ужо з дзяцінства прывучаюцца плаваць, хадзіць на лодках, лавіць рыбу, паляваць. <...> На працягу кароткага часу яны становяцца вельмі спрытнымі, так што могуць голымі рукамі адолець мядзведзя або зубра".
"Адолець зубра голымі рукамі" — гэта значыць, перамагчы яго без агнястрэльнай зброі. Успомнім, што ý паэме "Песня пра зубра" аýтар з пагардаю ставіцца да тых паляýнічых, якія бяруць з сабою мушкеты або расстаýляюць на звера хітрыя пасткі. Апісаны вышэй суровы лад жыцця, якім адрозніваліся жыхары Падняпроýя, асобнымі рысамі судакранаецца з успамінамі паэта. Так, ён гаворыць, што бацька яго "навучыý вышукваць сховішчы дзікіх звяроý", што будучы паэт часта сваімі рукамі зрываý рогі з галавы забітага зубра, разам з канём гнаý звера праз воды рэк; што паляванне не вельмі яго вабіла, "але ж і ý гэтым сорамна было саступіць сябрам". Ясна, што ý маладыя гады Мікалай Гусоýскі прайшоý добрую школу рыцарскай загартоýкі. І хоць такі лад жыцця не прыйшоýся яму даспадобы, аднак ён з выключнай павагай успрымае гэты своеасаблівы айчынны аналаг антычнай Спарты.
Толькі вузкім спецыялістам вядома, што зборнік твораý Мікалая Гусоýскага, які быý надрукаваны ý Кракаве Гіеранімам Віеторам у 1523 годзе і ý якім змешчана паэма "Песня пра зубра", адкрываецца дзвюма эпіграмамі і выяваю герба: змяя, якая паглынае дзіця. Гэта — радавы герб князёý Сфорцаý, з дому якіх паходзіла жонка караля Жыгімонта Першага, італьянская прынцэса Бона. Ёй прысвяціý Мікалай Гусоýскі свой першы зборнік. У эпіграме на герб, згодна літаратурнай традыцыі, у паэтычнай форме раскрываецца сімволіка геральдычных знакаý: змяя — гэта дабрачыннасць (успомнім, што змяя — самы пашыраны сімвал медыцыны, а таксама ýвасабленне мудрасці); дзіця, якое яна паглынае, — ліхадзейства, грэх. Чаму ж на выяве побач з гербам каралевы Боны паэт не змясціý герб Жыгімонта — славутага польскага арла?
Хутчэй за ýсё, таму, што Мікалай Гусоýскі паводле месца свайго нараджэння лічыý сябе падданым менавіта каралевы, а не караля. У выніку пажалаванняý, падараванняý і купляý Бона Сфорца сканцэнтравала ý сваіх руках шматлікія воласці на Беларусі, пераважна ý паýднёвай частцы, у тым ліку ý Рэчыцкім павеце, да якога ý XVI ст. адносілася таксама тэрыторыя сённяшняга Буда-Кашалёýскага раёна. Геральдычны знак радавога герба Сфорцаý стаý гербам беларускага горада Ружаны (сёння — гарадскі пасёлак у Пружанскім раёне Брэсцкай вобласці). З каралевай Бонай, а таксама з яе сакратаром Людовікам Альфіо паэт мог пазнаёміцца яшчэ да часу свайго ад’езду ý Рым. Таму пасля вяртання на Радзіму ýсе спадзяванні на матэрыяльную падтрымку ён звязваý са сваёй пані Бонай, а таксама яе інтэлектуальным атачэннем. Як добры васал, ён услаýляе ý прысвячэнні сваю пані-валадарку.
Найбольшым плёнам палявання для Мікалая Гусоýскага, асветнага паэта-гуманіста, была сама паэзія. Паляýнічы трафей для яго мае другаснае значэнне. Нідзе ý "Песні пра зубра" мы не сустрэнем меркантыльных разважанняý пра большую ці меншую каштоýнасць таго ці іншага звера, пра паляванне як сродак матэрыяльнага забеспячэння жыцця. Іншая справа — прававы аспект. У 237 — 290 радках Мікалай Гусоýскі піша пра прыродныя багацці роднага краю. Пачынае ён са згадкі пра тое, што князь выдаý спецыяльны указ, які абараняе зубрыц ад браканьераý і што менавіта "яго апека доýгі час ахоýвае лясныя багацці". Аýтар адзначае, што лясы цэняцца яго народам вышэй за "бліскучае золата", хаця ý Вялікім княстве Літоýскім стае розных прывазных заморскіх тавараý. Ён піша: Няхай прыплываюць да вельмі блізкіх берагоý любыя караблі, якія звычайна поýняцца разнастайным набыткам. Цякуць рэкі, што нясуць багацці ва ýсе землі, яны злучаюць хуткія і манетаносныя караблі.
"Вельмі блізкія берагі" — гэта берагі Дняпра, якія для паэта з Буда-Кашалёýскага раёна сапраýды былі вельмі блізкімі. Гэты ýрывак тэксталагічна цікава суаднесці з фрагментам згаданага вышэй трактата Міхала Літвіна. Расказаýшы пра Днепр і яго прытокі, пісьменнік распавядае пра разнастайныя тавары, якія прывозяцца іншаземнымі купцамі ý Кіеý. Аýтар адзначае, што большасць купцоý вязуць каштоýныя камяні, шаýковае і залататканае адзенне, водары, шафран, перац і іншыя пранасці з Азіі, Персіі, Індыі, Аравіі, Сірыі на поýнач — у Масковію, Пскоý, Ноýгарад, Швецыю, Данію, прычым вязуць адным і тым самым старажытным шляхам: з порта Кафы на Понце Эýксінскім (Чорным моры) "праз Таýрыйскую браму" і Таваньскі перавоз на Дняпры, а адтуль — стэпам у Кіеý. Далейшы шлях купцоý на поýнач адбываýся па водах Дняпра. Вось чаму Мікалай Гусоýскі, які нарадзіýся ý Прыдняпроýі, адзначыý гэты вельмі важны аспект у эканоміцы дзяржавы.
Прадметам дыскусіі стала апошнім часам пытанне, якога ж звера апісаý Мікалай Гусоýскі ý сваёй паэме: зубра, або, можа, бізона, ці нават тура? Тэкст паэмы ніякіх падстаý для падобнай дыскусіі не стварае. У фінале апошняга паляýнічага абразка, сапраýды, нечакана з’яýляецца тур, які схаваýся ý лесе: Вось ляжыць звер, адолены цяжкай працай. Слабее самы небяспечны жыхар паýночнай пушчы, а другі пакуль хаваецца, і я дапускаю [гэта]. Калі ý нас будзе спакойны час, то адшукаецца і ён; ты ж, тур, калі разумны, рыхтуй лоб да бітвы.
Ці сустракаюцца ý "Песні пра зубра" іншыя згадкі пра тура, апроч працытаванай вышэй? У назве твора выразна акрэслена, што прадмет аýтарскага аповеду — менавіта зубр (bison). У прысвячэнні каралеве Боне таксама ясна напісана, што Папа рымскі Леý Х папрасіý біскупа Эразма, "каб той прадставіý у Рыме выяву бізона, якога мы называем зубрам, набіýшы шкуру саломай". Такім чынам, двух меркаванняý па гэтым пытанні быць не можа: паэма Мікалая Гусоýскага прысвечана менавіта зубру.
Відавочна, што тур у паэме ýзнікае гэтаксама спарадычна, як, прыкладам, дзік або глушэц. Аднак нечаканае з’яýленне тура ý фінале твора можа сведчыць пра тое, што паэт хацеý напісаць яшчэ адзін твор — прысвечаны туру. Новая паэма будзе напісана тады, гаворыць Мікалай Гусоýскі, калі ý яго будзе "otium" ("час спачынку"). У больш шырокім кантэксце тур (як памятаем, самы люты з усіх звяроý), які дагэтуль скрываецца ý пушчы, — гэта яшчэ алегорыя ворага — турка, які пакуль што не пераможаны і пагражае яго народу. Паколькі, на думку паэта, "дзяржава больш мацуецца дасканаласцю душы, чым сілаю цела", то яго дзяржаве таксама жыццёва неабходны "otium" — магчымасць займацца не цяжкай працай абароны Айчыны, а справай ахарошвання душы. Otium для народа (нечаканы каламбур!), на думку паэта-гуманіста, — гэта творчасць і хрысціянская вера.
На апошняй старонцы зборніка Мікалая Гусоýскага змешчана гравюрная выява: мужчынская галава на пастаменце. У непасрэднай блізкасці да гэтай выявы па-лацінску напісана "Concedo nulli" ("Не саступаю нікому"). Апошняе выслоýе — цалкам у духу рэнесансавага самаýсведамлення мастака. Яно расшыфроýвае сэнс гравюрнай выявы: на пастаменце напісана "Terminus", што ý перакладзе з лацінскай мовы азначае "мяжа". Менавіта так (Тэрмін) у антычнай міфалогіі называлася боства, якое ýсталёýвала мяжу. У культуры эпохі Рэнесансу адбываецца пераасэнсаванне ролі антычнага Тэрміна: ён інтэрпрэтуецца як абаронца творчай незалежнасці мастака. Безумоýна, тую ж семантычную нагрузку нясе Terminus на гравюры ý выданні Мікалая Гусоýскага.
Яшчэ ý 2003 годзе я выказала версію, што на апошняй старонцы выдання 1523 года перад намі — партрэт Мікалая Гусоýскага. Мужчынская галава на пастаменце наýрад ці можа атаясамлівацца з самім антычным боствам мяжы. Па-першае, доýгія валасы, вусы і барада не маглі быць атрыбутам антычнага бога: старажытныя грэкі і рымляне лічылі лішнюю расліннасць на твары прыкметаю "варварства". Па-другое, характэрны каýнерык, які пры ýважлівым разглядзе добра заýважны на гравюрным партрэце, з вялікай ступенню верагоднасці выяýляе прыналежнасць уладальніка такога касцюма да эпохі Рэнесансу, прынамсі да духоýнага саслоýя. Не будзем забывацца пра тое, што "Песня пра зубра", паводле першаснай задумы, — антытурэцкі твор з акцэнтаваннем ідэі аб’яднання хрысціян перад пагрозай захопу іншаверцамі; у паэме "Пра перамогу над туркамі" у цэнтры ýвагі аýтара — праблема здрады хрысціянскай веры; апошні эпічны твор паэта прысвечаны каталіцкаму святому Гіяцынту (Яцку) Адрованжу. Успомнім, нарэшце, што апошнія вершы Мікалая Гусоýскага змешчаны ý каталіцкіх друкаваных выданнях 1533 — 1534 гадоý.
Надпісы, якія атачаюць гравюрную выяву, носяць багаслоýска-эсхаталагічны характар. У іх — ключ да разумення ýсёй творчасці паэта. Зверху, па-лацінску, чытаем: "Апошняе трэба заýсёды ýспрымаць як самае апошняе". У ніжняй частцы старонкі: "Чалавеку належыць чакаць дня, і не ýчыніш грэху вечна". Чалавек павінен ашчаджаць кожную хвіліну, падкрэслівае паэт, не толькі каб не змарнаваць яе дарэмна, але яшчэ і каб не напоýніць яе грахоýнасцю. Гэтая думка падмацоýваецца словамі 13-га верша 25-га раздзелу Евангелля ад Матфея па-старагрэчаску: "Будзьце пільнымі, бо не ведаеце ні дня, ні часу". Яшчэ ніжэй — па-старагабрэйску: "Блаславёны Бог навечна, амэн, з апошнімі днямі яго". Такім чынам, усе выслоýі, размешчаныя зверху і знізу, датычацца абавязку чалавека дбаць пра выкананне свайго вышэйшага — Боскага! — прызначэння ý зямным жыцці. Уздоýж левай рамкі гравюрнай выявы — словы аднаго з сямі старажытнагрэчаскіх мудрацоý, афінскага заканадаýцы Салона, адпаведна, па-старагрэцку: "Глядзі на канец доýгага жыцця". Уздоýж правай рамкі — надпіс па-старагабрэйску: "Ты зрабіý, і гэта не праміне".
Такім мэтанакіраваным падборам цытат з твораý антычных і хрысціянскіх аýтараý Мікалай Гусоýскі імкнуýся вызначыць галоýную канстанту сваёй творчасці: спалучэнне ý ёй дзвюх магутных культурных плыняý еýрапейскай цывілізацыі. Як антычнаць, так і хрысціянства надавалі вялікае значэнне Чалавеку-Творцу, які павінен успрымаць кожны падараваны яму дзень як магчымасць упрыгожыць свет.
Праз вонкава спакойныя, размераныя радкі вершаý і паэм Мікалая Гусоýскага, праз яго нараканні на цяжкі стан здароýя ды ýяýныя скаргі на недахоп паэтычнага майстэрства прарываецца магутны паэтычны талент сапраýднага патрыёта сваёй зямлі, сапраýднага вешчуна беларускага народа. Быццам воды магутнага Дняпра, паэт у сваіх творах — то велічна-спакойны і разважлівы, то гнеýна-ýсхваляваны і ýзрушаны. Менавіта ён, паэт з Буда-Кашалёýскай зямлі, здолеý па-мастацку сфармуляваць тыя надзённыя і балючыя пытанні, якія былі і застаюцца актуальнымі ý рэчышчы фарміравання нашай нацыянальнай самасвядомасці. І гэтым ён паставіý мяжу — "terminus", вызначыýшы сваё адметнае і непаýторнае месца ý гісторыі духоýнай культуры беларусаý.
Жанна НЕКРАШЭВІЧ-КАРОТКАЯ,
кандыдат філалагічных навук,
дацэнт кафедры сучасных замежных моý
факультэта міжнародных адносін
Беларускага дзяржаýнага універсітэта
Написать отзыв / комментарий / мнение на Форум сайта