Туристы - это экоспонсоры, которых нужно завлечь

Елена ДЕДЮЛЯ
«Звязда», № 30
06.02.2004

Меркаваннi

У НЕКРАНУТАЙ ПАБЫЦЬ ЦIШЫНI…

На ўскрайку лесу, удалечынi ад гарадскога шуму, патанаеш у прыемнай цiшынi i расслабляешся. I, здаецца, толькi тут адчуваеш поўную свабоду. Ад турбот. Мiтуснi. Гарадскiх праблем. Усялякiх абмежаванняў. Ёсць пэўная асалода проста ў тым, каб назiраць за язычкамi полымя ў печы, удыхаць пах бярозавых паленцаў цi назiраць, як закiпае вада ў чыгунку. Калi хочацца, можна выйсцi на вулiцу, парыпець нагамi па свежаму, амаль нiкiм не кранутаму снегу цi нешта крыкнуць ва ўсю моц, не баючыся касых позiркаў. I што яшчэ трэба для шчасця? Хiба што выпаленая лазня, магчымасць узяць лыжы напракат ды катанне на запрэжанай тройцы. Асабiста я i немалая частка маiх знаёмых з задавальненнем выбралiся б у вольны час на такi адпачынак.

Ды i ўлетку здаецца нямала знойдзецца жадаючых змянiць марскi курорт на адпачынак у глушы. Нездарма ўсё часцей у нашай краiне ўзнiмаецца пытанне аб развiццi турызму. Прынамсi, на тэрыторыi Беларусi ёсць шмат цiкавых прыродных аб’ектаў. I гэта не толькi Белавежская пушча. Напрыклад, у Еўропе няма такога вялiкага i прыгожага возера, як Нарач, цi азёрнага комплексу, як на Браслаўшчыне. «Мы павiнны знайсцi такiя формы турызму, каб паказаць унiкальныя вiды раслiн, жывёл, ландшафтаў, — упэўнены загадчык Мiжведамаснага цэнтра праблем нацыянальных паркаў i запаведнiкаў Белдзяржунiверсiтэта Барыс Савiцкi. — Але пры гэтым абавязаны паклапацiцца пра iнфраструктуру. Так, у гасцiнiчных комплексах, якiя створаны на базе нацыянальных паркаў i запаведнiкаў, цэны — як у суператэлях, а якасць не на высокiм узроўнi. Даволi цяжка знайсцi нумар з цалкам спраўнай сантэхнiкай. А для чалавека, якi прыехаў з-за мяжы, гэта сапраўдная трагедыя. Ды i для суайчыннiкаў таксама».

Сапраўды, забяспеч адпаведны сэрвiс, займiся рэкламай зоны адпачынку — i заманiш замежных турыстаў на базы, створаныя побач з запаведнiкамi i нацыянальнымi паркамi. А дзякуючы турызму можна будзе дасягнуць такiх мэтаў, як далейшае развiццё iнфраструктуры ляснога (азёрнага, рачнога) адпачынку, атрыманне сродкаў на прыродаахоўныя мерапрыемствы i выхаванне беражлiвых адносiнаў да прыроды.

ЭФЕКТ ВЫХАВАННЯ

«Колькi нi паказвай па тэлевiзару ролiкi-заклiкi »беражыце прыроду«, асаблiвага эфекту не будзе, — упэўнены Барыс Парфёнавiч. — Iншая справа, калi дзецi будуць хадзiць па спецыяльных турыстычных сцежках, жыць побач з лесам. Наогул, сiстэма экалагiчнага выхавання i адукацыi сёння нiякая. Зусiм невялiкi працэнт дзяцей займаецца ў экалагiчных гуртках, а пасля мы здзiўляемся, чаму, напрыклад, iнжынер, праектуючы машыну, стварае яе экалагiчна небяспечнай. Ды i пра любоў да прыроды гаворка вядзецца ў асноўным з дзецьмi, у якiх гэта i так закладзена ад нараджэння„.

Дарэчы, нацыянальныя паркi, у адрозненне ад запаведнiкаў, ствараюцца не толькi дзеля таго, каб зберагаць пэўныя раслiнныя i жывёльныя комплексы, але i каб прапагандаваць справу аховы прыроды. Такi парк можа мець ахоўваемую (запаведную) зону i тэрыторыi для развiцця экалагiчнага турызму, навучання i проста зону адпачынку. Менавiта таму, што даволi цяжка стварыць тэрыторыi, недаступныя для чалавека (не агародзiш жа вялiкiя лясныя масiвы калючым дротам!), ва ўсiм свеце i ствараюцца нацыянальныя паркi. Ды i заўважана: чым больш будзеш iмкнуцца выцеснiць людзей, што жывуць побач з ахоўваемымi тэрыторыямi, тым больш яны будуць процiстаяць (аж да таго, што падпальваць лес). Iх трэба па-максiмуму задзейнiчаць у справах па догляду за ахоўваемымi тэрыторыямi (напрыклад, яны могуць касiць траву) i абслугоўванню турыстаў. Прынамсi, за мяжой турызм у асноўным i трымаецца на прыватнiках, якiя забяспечваюць гасцей i нацыянальным харчаваннем, i культурныя праграмы прадумваюць, i сваё жыллё ў арэнду здаюць…

Неабходна разабрацца i з браканьерамi. На думку Барыса Савiцкага, нiчога не атрымаецца, пакуль не стануць больш жорсткiмi пакараннi. А то што атрымлiваецца: чалавек, якi скрадзе калгасную карову, лiчыцца злодзеем, а якi заб’е лася — браканьерам, i пакараннi для апошняга меншыя.

Галоўнай праблемай ахоўваемых тэрыторый Барыс Парфёнавiч лiчыць не браканьерства, не неакуратнасць насельнiцтва, нават не злоснага жука-караеда, а недасканаласць заканадаўчай базы. «Так, у нас ёсць закон аб ахоўваемых тэрыторыях, але ён вызначае толькi асноўныя паняццi, а далей павiнны iснаваць нарматывы, у якiх прапiсана, што можна i чаго нельга рабiць у нацыянальных парках i запаведнiках», — упэўнены мой суразмоўца. У iх павiнна быць сказана i пра тое, што дазволена рабiць людзям, якiя жывуць побач з ахоўваемымi зонамi, i пра тое, як займацца з турыстамi i як даглядаць раслiны. Напрыклад, у звычайным лесе i лесе ахоўваемым правiлы паводзiнаў павiнны быць рознымi. Так, у першых усе перастаялыя, хворыя i пашкоджаныя дрэвы трэба знiшчаць, а ў другiх — гэта недапушчальна. Асноўная роля нацыянальных паркаў — захаванне бiялагiчнай разнастайнасцi. I калi, напрыклад, высеч старыя дубы цi елкi, то раслiны, што жывуць у нетрах, знiкнуць. «Магчыма, адна з прычын масавых нашэсцяў жукоў-караедаў у тым, што былi ўбраны з лясоў хворыя, старыя дрэвы, — мяркуе Барыс Савiцкi. — У iх жа гнездавалiся птушкi, што знiшчаюць пражэрлiвага жучка. Маленькiм птушачкам цяжка зрабiць сабе дупло ў моцным дрэве, не тое што, напрыклад, у гнiлым. Ды i наогул, метады барацьбы з караедам мне здаюцца няправiльнымi. Каб папярэдзiць караеда, у асноўным высякаюць здаровыя дрэвы, якiя растуць побач з пашкоджанымi. Прафiлактычныя высечкi, канешне, дапамагаюць зберагчы драўнiну (сухiя дрэвы дорага не прадасi), але асаблiвага эфекту супраць шкоднiкаў гэта не дае. На ахоўваемых тэрыторыях не трэба чапаць пашкоджаныя раслiны не толькi таму, што ў iх нехта жыве, але i таму, што так можна будзе сачыць, як сама прырода змагаецца з пэўнымi праблемамi„.

Прынамсi, Мiжведамасны цэнтр праблем нацыянальных паркаў i запаведнiкаў БДУ якраз i займаецца распрацоўкай санiтарных правiлаў для лясоў i нацыянальных паркаў. У прыватнасцi, у адным з пунктаў, на думку навукоўцаў, павiнна быць прапiсана, што ў Белавежскай пушчы, напрыклад, нельга высякаць хворыя дрэвы. Выключэнне складаюць эстэтычныя ўчасткi ўздоўж дарогi, турыстычных сцежак — каб нiчога не ўпала на галаву прахожым. (Дарэчы, у некаторых краiнах нават спрэчкi iдуць наконт таго, цi трэба тушыць у запаведнiку пажар — магчыма, прыродай задуманы такi «акт ачышчэння». Вядома ж, маюцца на ўвазе пажары, якiя ўзнiкаюць не па вiне чалавека.)

Ды i, пагадзiцеся, некрануты лес часам прываблiвае куды больш за дагледжаны. У яго нетрах быццам узгадваеш казкi-паданнi з маленства, верыш, што ён захоўвае пэўныя тайны.